КАРОТКІ АГЛЯД
ГIСТОРЫI БЕЛАРУСI
для
беларускіх дапаўняльных школаў.
Зь невялікімі скарачэньнямі
Улажыў П.
Рагач
© "Беларуская
Школа". Кліўленд-Нью-Ёрк. 1968.
© Беларускае
Культурнае Таварыства "Грунвальд". Талін. 1990.
© OCR. Уладзімер Вараб’ёў. Менск. 2000.
1. ПРАРОДЗІЧЫ БЕЛАРУСАЎ
У даўныя часы Беларусь
выглядала інакш, як цяпер. Тады ўвесь наш край быў пакрыты густымі спрадвечнымі
лясамі. Гэтых лясоў ніхто ніколі ня сек. Дрэвы расьлі сотні гадоў і самі
валіліся на зямлю ў часе буры.
Так, як і цяпер, на
прасторы Беларусі было шмат азёраў і рэкаў. Заміж, каб прасякаць дарогі празь
лясы, нашыя прародзічы пераяжджалі зь месца на месца па вадзе - рэкамі ды
азёрамі.
Таксама ля вады
будавалі старадаўныя Беларусы свае першыя паселішчы. Каля паселішчаў былі
невялікія палеткі ворнай зямлі, дзе сеялі збожжа.
Роды й плямёны
Нашыя продкі жылі тады
родамі. Род складаўся зь некалькіх сем’яў. На
чале кажнага роду стаяў старшына. Ен дбаў пра дабрабыт і абарону роду й яго ўсе ў родзе слухалі.
Між родамі, якія жылі блізка
адзін ад аднаго, пачыналася сяброўства й сувязь. Некалькі родаў, якія мелі
цесную сувязь між сабою, складалі племя. Само жыцьцё вымагала таго,
каб гуртавацца ў роды й плямёны. Супольнымі сіламі трэба было бараніцца ад
ворага, весьці гандаль зь іншымі плямёнамі й народамі, церабіць лес і
пракладаць новыя дарогі.
Выгляд, адзеньне
й характар нашых продкаў
Нашыя продкі былі
народам рослым і моцным, з сьветла-русымі валасамі і з сіня-шэрымі ачыма.
Мужчыны насілі бароды, а жанчыны - даўгія валасы, заплеценыя ў косы.
Адзеньне насілі белага
колеру. Із скураў дзікіх зьвяроў і хатніх жывёлаў шылі кажухі. 3 авечай воўны
яны ўмелі ткаць сукно, зь якога шылі белыя сярмягі . Зь лёну ткалі палатно на
кашулі й іншую споднюю адзежу. Летам мужчыны хадзілі ў белых кашулях з
адкладным каўняром, завязаным чырвонай стужкай. На нагах, як летам, так і
зімою, мелі лыкавыя лапці. Мужчыны на галовах насілі шапкі зь белай воўны, а
жанчыны - белыя наміткі. Такая вопратка захавалася ў некаторых мясьцінах
Беларусі амаль да нашых часоў.
Нашыя продкі на вайне
й паляваньні былі сьмелыя, спрытныя ў руках і настойлівыя. У небясьпечныя
хвіліны яны не ўцякалі, а хаваліся ў скрытнае месца й чакалі лепшага часу.
Часамі наш продак хаваўся навет пад ваду й дыхаў праз чароціну, а калі
небясьпека мінавала, ён выскакваў із схову ды нападаў на ворага.
Чым займаліся
нашыя продкі?
Ад спрадвечных часоў
Беларусы займаліся земляробствам. Зямлю яны любілі й працавалі на ей з ахвотай.
У бальшыні яны сеялі збожжавыя расьліны, якія сеюцца на Беларусі й цяпер: жыта,
ячмень, авёс, пшаніцу, грэчку, а таксама лён.
Маючы шмат сенажацяў,
нашыя продкі разводзілі таксама хатнюю жывёлу: коні, каровы, авечкі, козы, і
гадавалі сьвіньні.
У той час было шмат
дзікіх зьвяроў. Адны зь іх нападалі на хатнюю жывёлу, а іншыя шкодзілі на
палёх. Чалавек паляваў на зьвяроў, каб ад іх абараніцца. У дадатак да гэтага
паляваньне давала яму вялікую карысьць. 3 паляваньня ён меў скуру й мяса. Мясам
дзікіх зьвяроў ён харчаваўся, а пушыстыя скуры мяняў на патрэбныя яму рэчы з-за
мора. Тагачаснае паляўнічае ўзбраеньне было: дзіда, лук і нож. На
зьвяроў ставілі пастку, а на птушак - сіло.
У рэках і азёрах
Беларусі было ў тыя часы шмат рыбы. Нашыя продкі вельмі рана пачалі займацца
рыбацтвам; лавілі яны рыбу пераважна сеткамі.
Былі яны таксама
добрымі пчалярамі. Мёдам яны
харчаваліся, або варылі зь яго моцнае добрае пітво, якое таксама звалі мёдам.
3 воску рабілі сьвечкі.
Старадаўныя Беларусы
займаліся й рамёствамі - бандарствам, ганчарствам, ткацтвам, кушнерствам, а
навет і кавальствам. У тыя далёкія часы рамёствы ня былі асобным заняткам. Гэта
ўсё рабілася ў вольны час ад палявых работаў.
Сям’я
3 малых гадоў бацькі
прывучалі сваіх дзяцей да працы, а таксама да суровасьці клімату: сьцюжы,
сырасьці, ветру. Узімку, прыкладам, дзеці бегалі босыя па сьнезе. Паступова зь
іх вырасталі загартаваныя й здаровыя людзі. Праца на полі, у лесе й на сенажаці
ня была ім цяжкой. Бацька вучыў сыноў гаспадарскай працы, страляць з лука, валодаць
мечам і дзідай, а маці дбала пра дачок: навучала іх гатаваць стравы, ткаць,
шыць, вышываць. Бацька быў галавою сям’і, а маці - ейным сэрцам.
Калі сын вырастаў і
абзаводзіўся сваёй собскай сям’ёй, бацька памагаў яму ўладзіць гаспадарку;
гэтая ўзаемная дапамога ня спынялася й тады, калі сын аддзяляўся - і яна была
ня толькі паміж бацькам і сынам, але й паміж далёкімі сваякамі.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Як выглядала Беларусь у старадаўныя часы?
2. У якіх мясцох будавалі нашыя продкі свае першыя паселішчы?
3. Чаму нашыя продкі гуртаваліся ў роды й плямёны? Што гэта - род? Што гэта - племя?
4. Якога колеру было адзеньне старадаўных Беларусаў?
5. Якімі прыкметамі адзначаўся Беларус на вайне й на паляваньні?
6. Пералічы заняткі нашых продкаў !
7. Да чаго прывучалі бацькі сваіх сыноў і дачок?
2. ВЕРА НАШЫХ ПРАДЗЕДАЎ
Беларускі народ вельмі
багаты сваімі песьнямі, казкамі й легендамі. Зь іх можна даведацца пра жыцьцё й
веру Беларусаў у паганскую пару.
У далёкі
дахрысьціянскі час, як было ўжо зазначана, прадзеды Беларусаў займаліся
галоўным чынам земляробствам. Земляробства зьвязанае з порамі году, зьявамі
прыроды, ды з самым сонцам.
Беларускі народ, як і
ўсякі земляробскі народ, бачыў цудадзейны ўплыў сонца, якое перамагае зіму,
ажыўляе дрэвы й усе расьліны, росьціць збожжа й дае хлеб.
У розныя поры году
сонца мяняе свае дзеяньне, свой уплыў на прыроду, і таму розныя поры году
шанаваліся асобна, і ў кажную пару году ў гонар бога сонца спраўляліся сьвяты.
Зімою, у канцы
сьнежня, у гонар сонца спраўляліся Каляды. На Каляды ўплыў сонца
аднаўляецца, і гэта адразу можна заўважыць у прыродзе. Сонца на небе падымаецца
вышэй, больш грэе, а дзень прыбывае. Што Каляды паходзяць з дахрысьціянскіх
часоў, можна пазнаць з калядных песьняў і звычаяў.
Калі сонца нарэшце
перамагае зіму й ажыўляе прыроду ад зімовага сну, зямля пачынае расьціць новыя
дары для людзей, а дзень робіцца большы за ноч, нашыя прадзеды ў гонар перамогі
бога сонца над благім богам сьцюжы й холаду сьвяткавалі Вялікдзень. Чым-жа
Вялікдзень прыпамінае нам старажытныя часы? Вялікодныя песьні - валачобныя
й вясьнянкі, заклікаюць вясну. Чырвоныя янкі-пісанкі,
зь якімі гуляюць, прыпамінаюць нам сонца сваім колерам і формай.
Далей сьвяткавалася
сьвята Купальле. У часе яго ладзіліся розныя гульні й варожбы. Людзі
верылі, што ў гэты дзень сонца спраўляе сваё вясельле з багіняю лета - Ладом. У
тыя часы Купальле было адным з найбольшых сьвятаў. Паводля народнага
вераваньня, у купальскую ноч цьвіце цудадзейная Кветка Папараці.
Апрача галоўнага,
непераможнага бога-сонца, у нашых прадзедаў было яшчэ шмат іншых багоў, якім
яны прыносілі ахвяры, сьвяткуючы сьвяты.
Гэтак, прыкладам, быў
грозны бог Пярун, які забіваў людзей і жывёлу, разьбіваў на трэскі
магутныя дубы, паліў будыніны.
Быў бог Ярыла
- ён памагаў у гадоўлі статку. Ён вясной адчыняў пуню й даваў траву статку.
Ягоная маці адмыкала зямлю й выпускала расу:
Ярылава маці
Па гары хадзіла,
Ключыкі насіла,
Зямлю адмыкала,
Расу выпускала.
У лесе быў Лясун,
які палохаў людзей і блытаў сьцежкі, каб людзі блудзілі.
У вадзе быў Вадзянік. У вадзе, у лесе, або й на полі былі русалкі,
якія мелі выгляд маладых дзяўчат з даўгімі валасамі. Калі яны знойдуць у лесе
сьпячага чалавека, то заказычуць яго на сьмерць.
У хатах быў Дамавік.
Памерлых дзядоў і
бацькоў нашыя продкі шанавалі, як і багоў. У памяць іх ладзіліся сьвяты. Такое
сьвята адпраўлялася вясной пасьля Вялікадня й звалася Радаўніцай. Але найбольшае сьвята ў памяць
памерлых дзядоў і прадзедаў адпраўлялася познай восеняй перад зімой. Яно
звалася "Дзяды" і захавалася аж да нашых часоў.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Якога бога найбольш шанавалі нашыя прадзеды ў дахрысьціянскі час?
2. Якія былі ў іх найважнейшыя сьвяты?
3. У гонар чаго сьвяткаваўся Вялікдзень?
4. У гонар чаго сьвяткавалася Купальле?
5. Якія былі яшчэ багі ў нашых прадзедаў, апрача бога сонца? Што рабілі гэтыя багі?
6. Якія сьвяты ладзілі старадаўныя Беларусы ў памяць памерлых?
3. КУРГАНЫ, ГАНДАЛЬ І ВОДНЫЯ ШЛЯХІ
Аб тым, як жылі нашыя
продкі, можна шмат даведацца з курганоў . Яны ў вялікім ліку
рассыпаныя па ўсёй Беларусі. Курганы насыпаліся на магілках багатых ці ведамых
людзей. Цяпер ужо шмат курганоў раскапалі й знайшлі ў іх розныя рэчы, паложаныя
старадаўным звычаем у магілку, разам зь нябожчыкам. Раней уважалі, што й на тым
сьвеце нябожчык і есьць і п’е і займаецца тымі-ж справамі, што й пры жыцьці.
Сярод рэчаў, знойдзеных у курганох, ёсьць і гаршкі, і міскі, і розная зброя;
тут ёсьць і косьці жывёлаў або рыбаў, тканіны, срэбныя й залатыя пярсьцёнкі ды
іншыя вельмі прыгожыя рэчы. Частка гэтых рэчаў прывозілася, а частка
выраблялася на месцы нашымі прадзедамі, якія, відаць, шмат што ўмелі й рабілі
добра.
У курганох знайшлі
таксама шмат чужаземных грошаў - грэцкіх, арабскіх, індускіх, баўгарскіх,
скандынаўскіх, нямецкіх, рымскіх і навет кітайскіх.
Якім спосабам трапілі
да нас гэтыя грошы? Адказ на гэта вельмі просты. Пашыя прадзеды вялі гандаль
амаль з усім сьветам. Чужаземцам яны прадавалі свае тавары - як сыравіну, так і
вырабы, а ад чужаземцаў куплялі іхныя тавары. Тавар або мянялі на іншы тавар,
або прадавалі за грошы. Такім парадкам у нашых прадзедаў маглі быць грошы ўсіх
краёў, зь якімі вёўся гандаль.
Для разьвіцьця гандлю
ў Беларусі былі ў той час вельмі выгодныя ўмовы. Празь Беларусь праходзілі
дарогі, па якіх ішлі тавары з захаду на ўсход, або з паўдня на поўнач. Гэтымі
дарогі, па якіх вазілі тавары, былі рэкі й азёры, бо на сухазем’і перашкаджалі
лясы й была небясьпека ад разбойнікаў. Па Дняпры, Прыпяці, Немане, Дзьвіне ды
іхных прытоках ішоў жвавы рух чаўноў з таварамі. Летапісец Несьцер называе
найбольшую такую водную дарогу, што праходзіла празь Беларусь - "Вялікім
водным шляхам з Варагаў у Грэкі". Варагі[1] й Грэкі былі найлепшымі купцамі таго часу.
Яны трымалі гандаль бадай з усім сьветам. Дык няма дзіва, што нашыя прадзеды,
жывучы ля вялікага воднага шляху таго часу, мелі магчымасьць ня толькі
гандляваць зь іншымі народамі й краінамі, але й адчуваць на сабе ўплывы іхных
культураў.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Як паўсталі курганы?
2. Што можна знайсьці у курганох?
3. Адкуль трапілі чужаземныя грошы ў курганы?
4. Чаму тавары перавозіліся толькі па рэках і азёрах?
5. Якія народы былі тады найлепшымі купцамі-гандлярамі?
4. БЕЛАРУСКІЯ ПЛЯМЁНЫ
Беларускія плямёны
аселі на прасторах сяньняшняе Беларусі ў 6-тым, 7-мым і 8-мым стагодзьдзях.
Найбольшае племя - Крывічы[2] затрымаліся ля рэкаў Дзьвіны й Вялікае, а
таксама ў верхнім цячэньні Дняпра. Яны заснавалі княства Полацкае й Смоленское, ды рэспубліку Пскоўскую
на поўначы, ля ракі Вялікае. Дрыгвічы аселі на паўдні й
паўдзённым захадзе Беларусі. Іхным палітычным цэнтрам сталася княства Тураўскае. Радзімічы
аселі ля ракі Сожу, а Севяране й Вяцічы занялі паўдзённы
ўсход і ўсход Беларусі. Яны заснавалі княствы Северскае й Разанскае.
Уся ўлада ў беларускіх
гаспадарствах належала да "веча". Вечам называлася зборышча ўсіх вырослых людзей гораду й аколіцы
(нешта, як "town meeting" у некаторых штатах Амэрыкі). На вечы
пастанаўлялі аб вайне й міры, аб гандлёвых умовах зь іншымі народамі. На
практыцы ў вечы бралі ўдзсл толькі старшыны родаў і людзі, ведамыя сваімі
здольнасьцямі, мудрасьцяй або заслугамі.
Дзеля ўтварэньня
збройнай сілы й камандаваньня войскам у часе вайны, веча выбірала князя. У часе супакою войска часта ня было
пад кіраўніцтвам князя. Каб ня даць князю магчымасьці захапіць уладу ў свае
рукі, некаторыя вечы (прыкладам, Полацкае) не дазвалялі князю жыць у самым
горадзе. Сталае войска, пад камандаю князя, звалася дружынаю й складалася з баяраў
.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Назаві ўсе беларускія пляменныя гаспадарствы й плямёны, якія ў іх жылі.
2. Коратка раскажы, што рабіла веча ў беларускіх гаспадарствах.
3. Якія былі абавязкі князя?
5. РАГВАЛОД І РАГНЕДА
У другой палове 10-га
стагодзьдзя ў сталіцы Крывічоў - Полацку, княжыў князь Рагвалод.
Слаўны й багаты быў у
тыя часы горад Полацак. Вёў ён гандаль із шмат якімі краінамі й гарадамі. Да
прыстані, на беразе Дзьвіны, бязупынна прыплывалі й адплывалі вялікія чаўны з
таварамі. Прыяжджалі купцы й госьці з Смаленску, з Ноўгараду, з Кіева;
прыяжджалі Немцы ды навет купцы з далёкае Грэцыі. Куплялі й вывозілі яны
зьвярыныя скуры й футры, рагі, пчаліны мёд і воск, смалу й топленае сала. А
прывозілі дарагія тканіны, зброю, розныя зялезныя вырабы. Ад гэтага гандлю
багацеў горад, і па цэлым сьвеце разносілася слава аб ім і аб магутным князю
полацкім, Рагвалодзе. Ен спраўляў уладу ня толькі над Полацкам, але й над
іншымі беларускімі гарадамі, якія яму плацілі дань на ўтрыманьне дружыны.
За некаторыя княствы,
як за Смаленскае й Тураўскае, вёў князь Рагвалод змаганьне з кіеўскім князем, Уладзімерам.
Уладзімер шукаў
пагадненьня й сваяцтва з полацкім князем. Ен паслаў сватоў да ягонае прыгожае
дачкі - Рагнеды.
Але гордая Крывічанка
адмовіла Ўладзімеру з тае прычыны, што ён быў сынам нявольніцы. Уладзімер
пакрыўдзіўся й зь вялікім войскам пайшоў на Полацак.
Ня легка было здабыць
полацкае гарадзішча. Гэта было наймацнейшае ў Беларусі абароннае месца.
Палачане бараніліся мужна й зацята. Але Ўладзімер меў вялікае войска, абкружыў
горад і ўзяў яго прыступам, а пасьля спаліў і разбурыў. Князь Рагвалод загінуў
пры абароне, а ягоную прыгожую дачку Рагнеду й нарабаванае дабро забраў
Уладзімер з сабою ў Кіеў.
Памяць аб князю
Рагвалодзе пераказвалі Беларусы - бацькі дзецям, з пакаленьня ў пакаленьня, аж
вестка аб ім дайшла да нашых часоў.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Чаму ў часы Рагвалода Полацак быў слаўным і богатым городам?
2. Адкуль прыяжджалі купцы ў Полацак?
3. Чым гандлявалі гэтыя купцы?
3. Чаму кіеўскі князь Уладзімер хацеў жаніцца з Рагнедаю?
5. Зь якое прычыны пачалася вайна між Полацкам і Кіевам?
6. Чым кончылася гэтая война?
6. РАГНЕДА Й ІЗЯСЛАЎ
Князь кіеўскі
Ўладзімер забраў Рагнеду сілаю ў Кіеў і яна сталася аднэю зь ягоных жонак.
Па нейкім часе Рагнеда
мела сына Ізяслава. Калі ў яе пазьней нарадзілася дачка - Прадслава,
Уладзімер раззлаваўся на Рагнеду, бо ён хацеў толькі сыноў. Ен высяліў Рагнеду
з Кіева ў сяло Прадславіна.
Рагнеда ніяк не магла дараваць
крыўды, якую зрабіў ёй Уладзімер і ўвесь час шукала спосабу, каб памсьціцца яму
за сябе, за бацьку й братоў і каб вызваліць ізноў Полаччыну. Нарэшце, Рагнеда
наважылася забіць Уладзімера. Аднаго разу, калі ён прылёг адпачыць па абедзе ў
Прадславіне, яна з нажом кінулася на яго, але Ўладзімер прачнуўся й схапіў яе
за руку. Тады, на ягоны загад, быў скліканы сход баяраў і выдатных мужоў, каб у
іхнай прысутнасьці пакараць сьмерцяй Рагнеду.
Прыбраная па
сьвяточнаму, Рагнеда чакала сьмерці бяз страху. Уладзімер ужо дастаў меч, каб
караць Рагнеду, але ў гэты мамэнт у залю ўскочыў Ізяслаў, зусім яшчэ малады
Рагнедзін сын. Выхапіўшы свой дзяціны меч, ён грозна прамовіў: "Бацька, ня
думай, што ты тут адзін!" Уражаны гэтым і засаромлены Ўладзімер дараваў
Рагнедзе жыцьцё, але выслаў яе, разам з Ізяславам, на іхную бацькаўшчыну -
Полацак.
У 990 годзе Рагнеда
прыняла хрысьціянства й так шчыра пранялася ім, што адразу-ж пастрыглася ў
манашкі, пад імём Анастасі Новую хрысьціянскую веру яна пашырала сярод сваіх суродзічаў
- Крывічоў не гвалтоўна, як гэта рабіў у Кіеве Ўладзімер, а павольна, абдумана,
высьвятляючы сутнасьць Хрыстовай навукі. Дзякуючы Рагнедзе, з Полацку
хрысьціянства пашырылася спачатку на Полаччыну, а потым на Смаленшчыну й іншыя
крывіцкія землі.
Пазьней для Рагнеды і
ейнага сына Ізяслава быў збудаваны горад Ізяслаў (цяпер Заслаўе) недалёка ад
Менску. Тут, у заснаваным ёю манастыры, Рагнеда й памерла. За свае гаротнае
жыцьцё была яна празваная Гарыславай.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Чаму Рагнеда наважылася забіць Уладзімера?
2. Чаму Ўладзімер дараваў Рагнедзе жыцьцё?
3. Чым займалася Рагнеда, вярнуўшыся на Беларусь?
4. Якое значэньне мае Рагнеда ў гісторыі беларускага народу?
7. КНЯЗЬ УСЯСЛАЎ ЧАРАДЗЕЙ
Полацкае княства дасягнула
найбольшае магутнасьці й славы ў часе княжаньня Ўсяслава, праўнука
князёўны Рагнеды (1044-1101).
Найбольш адзначыўся
Ўсяслаў у доўгатрывалых войнах супроць княства кіеўскага. Спачатку Палачане й
кіеўскія князі жылі згодна, але потым паміж імі пачалося змаганьне за ўладаньне
Вялікім
Ноўгарадам - тады кіеўскай калёніяй - і Псковам.
У 1067 годзе Ўсяслаў
авалодаў Ноўгарадам. Кіеўскія князі - Яраславічы, выкарысталі гэтую нагоду
для нападу на Полаччыну. Зь вялікім войскам яны аблажылі Менск, які быў тады
адным з багатшых местаў княства Полацкага. Мянчане зачыніліся ў добра
ўмацаваным горадзе. Аднак сілы былі няроўныя - Менск быў узяты, разбураны й
спалены. Даведаўшыся пра напад, Усяслаў борзда кінуўся спад Ноўгараду на
Беларусь. Войскі сустрэліся ля ракі Нямігі (або Нямізы) на трэйці дзень сакавіка. Бітва была
страшэнная й жорсткая. У "Слове аб паходзе Ігаравым"[3]
аб ей сказана гэтак:
"На Нямізе снапы сьцелюць галавамі, малоцяць
цапамі сталёвымі, жыцьцё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі крывавыя
берагі не дабром былі засеяны - засеяны былі касьцьмі сыноў рускіх[4]".
Галоўныя сілы Ўсяслава
заставаліся пад Ноўгарадам - Усяслаў, нанёсшы цяжкі ўдар Яраславічам, мусіў
пакінуць поле бойкі. Па трох-чатырох месяцах ён аднак папоўніў рады сваіх
дружынаў і зноў кінуўся на ворага. Сустрэча адбылася пад Воршай. На гэты раз
кіеўскія князі не адважыліся на бойку. Яны выслалі паслоў, просячы Ўсяслава
прыехаць у іхны лягер на мірныя перамовы й прысягаючы цалаваньнем Сьвятога
Крыжа, што зь ім нічога ня станецца. Усяслаў згадзіўся й з двума сынамі ды
невялікай дружынай прыехаў у іхны лягер. Яраславічы зрадліва зламалі сваю
прысягу, схапілі Ўсяслава, завезьлі яго да Кіева і ўкінулі яго ў вязьніцу.
Але доўга яму там
сядзець не давялося. Кіеўскі князь Ізяслаў пайшоў вайною на Полаўцаў[5] ,
і быў чыста разьбіты. Сам Кіеў апынуўся ў небясьпецы. Сярод Кіяўлян пайшла
гаворка, што гэта Бог пасылае на Кіеўскую Русь кару за зламаньне прысягі
дадзенай Усяславу - а паправіць гэты грэх можна толькі вызваленьнем Усяслава.
Усяслаў з гонарам
выйшаў зь вязьніцы, і народ прасіў яго прыняць пасад кіеўскага князя. Усяслаў
згадзіўся й абараніў горад ад Полаўцаў. Але нядоўга ён застаўся ў Кіеве -
гарачае замілаваньне сваім краем цягнула яго на Беларусь. Восем месяцаў
пазьней, ён пакінуў кіеўскі пасад і вярнуўся ў Полацак.
Сярод сваіх
сучасьнікаў князь Усяслаў вылучаўся вялізарным дзяржаўным розумам, вялікай
энэргіяй і ваеннымі здольнасьцямі. Свае ваенныя паходы ён рабіў зь неверагоднай
хуткасьцяй - людзі думалі, што ён перакідаецца ваўком зь месца на месца. Пра
яго хадзілі таксама чуткі, што ён чарадзей, і быццам навет нарадзіўся ад чараў!
Аб Усяславе складаліся казкі й прыказкі й пяяліся песьні. "Слова аб
паходзе Ігаравым кажа пра яго :
"Усяслаў-князь людзём суд судзіў, князём
гарады парадкаваў, а сам поначы ваўком гуляў."
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. 3 кім найбольш змагаўся князь Усяслаў, і за што?
2. Які быў вынік бітвы на Нямізе?
3. Як удалося Кіяўлянам узяць Усяслава ў полон?
4. Як вызваліўся Ўсяслаў з палону?
5. Чаму народ думаў, што Ўсяслаў - чарадзей?
8. АЎФРАСІНЬНЯ ПОЛАЦКАЯ
Сьв. АЎФРАСІНЬНЯ |
Маладая князёўна Прадслава,
унучка Усяслава Чарадзея, была вельмі прыгожай дзяўчынай. Шмат знатных князёў
прасілі яе рукі, але яна адхіляла сватоў, бо змалку мела вялікі нахіл да глыбейшага
хрысьціянскага жыцьця. Пакінуўшы дом бацькі свайго, Сьвятаслава, яна
пастрыглася ў манашкі, прыняўшы імя Аўфрасіньні. Як патрыётка беларускай зямлі, яна разгарнула вялікую
прасьветніцкую працу, бо добра ведала, што славу й магутнасьць Беларусі трэба
здабываць ня толькі збройнай сілай, але таксама асьветай. Пазьней яна заснавала
недалёка ад Полацку, у Сяльцы, жаночы Спасаўскі манастыр, які ў хуткім часе
стаўся вялікім асяродкам пашырэньня асьветы ў нашым краю.
Была тут і родная
сястра Аўфрасіньні, Гарыслава, і яшчэ некалькі сваячак; былі й дзяўчаты
простага роду, але ўсе яны жылі як сестры - усе аднолькава й супольна
працавалі.
А працы хапала.
Паслушніцы вучыліся чытаць, пісаць, а пазьней перапісваць і ўпрыгожваць кнігі.
А ў тыя часы цэлага жыцьця не хапала, каб перапісаць адну кнігу. Пісалі гусіным
пяром на пэргаміне (вырабленай
тонкай скуры), а загалоўныя лісты ўпрыгожваліся застаўкамі, размаляванымі
каляровай хварбай і золатам. Запісаныя балонкі апраўляліся ў прыгожую аправу з
драўляных дошчачак, абцягнутых скурай. Такая кніга была вельмі дарагая.
Манашкі займаліся
таксама тканьнем прыгожага й багатага царкоўнага рызьзя, вядзеньнем летапісаў,
маляваньнем сьвятых абразоў. Усім гэтым кіравала Аўфрасіньня. Апрача жаночага,
яна заснавала манастыр мужчынскі, так званы Багародзіцкі. Пад старасьць
Аўфрасіньня выбралася ў падарожжа ў Сьвятую Зямлю. Там яна захварэла й памерла
ў 1173 годзе.
Толькі ў 1910 годзе
ейнае цела вярнулася ў родны Полацак. Аўфрасіньня ўважаецца цяпер сьвятою як у
праваслаўнай, так і ў каталіцкай царкве.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Чаму ўважаем, што сьв. Аўфрасіньня была вялікай беларускай патрыёткай?
2. Якога роду дзяўчаты ўступалі ў манастыр?
3. Чым яны займаліся ў манастыры?
4. Якім способам перапісваліся й апраўляліся кнігі ў манастыры?
5. Дзе памерла сьв. Аўфрасіньня?
9. ПАЧАТКІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА
У 13-тым стагодзьдзі
слаўная дынастыя Ўсяславічаў, праўнукаў Іэяслава, вымерла і Полаччына
падзялілася на дробныя, поў-незалежныя ўдзельныя княствы - віцебскае, менскае,
аршанскае, друцкае й інш.
Неўзабаве на захадзе
Беларусі паўстаў новы дзяржаўны цэнтар - княства Літоўскае, або Літва.
Сталіцай гэтага княства быў Наваградак.
Першым ведамым
уладаром Літвы быў князь Міндаўг, які вызначаўся сваім
дзяржаўным розумам і прадпрыемлівасьцяй. Выдаючы свае дочкі за ўдзельных
князёў, ды жэнячы сваіх сыноў з князёўнамі зь іншых беларускіх гаспадарстваў,
Міндаўг паступова пашырыў сваю ўладу на іншыя беларускія землі.
Ягоныя наступнікі -
вялікія князі Лютавар, Віцень і Гедымін далучылі падобным
спосабам да Літвы княства Турава-Пінскае на паўдні й Чарнігаўскае
на паўдзённым усходзе.
Далучыўшыся да Літвы,
беларускія княствы заставаліся й далей поў-незалежнымі. Па традыцыі яны
захавалі свае асобныя законы, звычаі, сваё войска й мясцовых князёў. Дачыненьні
да новадалучаных земляў літоўскія князі выясьнялі гэтак: "Старыны ня рухаем,
навіны ня ўводзім". Вялікае
Княства Літоўскае было запраўды фэдэрацыяй беларускіх княстваў пад
кіраўніцтвам Вялікага Князя.
Вялікі Князь Гедымін перанёс
сталіцу Літвы з Наваградка ў Вільню.
Крыжаносцы
КРЫЖАНОСЕЦ |
Заходнімі суседзямі
Літвы былі балтыйскія плямёны Жмудзь, Аўкштота й Яцьвягі. Жмудзь і Аўкштота - гэта былі продкі цяперашніх
Летувісаў. Яцьвягі, якія жылі на паўдзённым захадзе Беларусі - у сучаснай
Беласточчыне, зьліліся пазьней зь Беларусамі й перасталі існаваць, як асобны
народ.
Племя Аўкштота
далучылася да Літвы яшчэ ў 13-тым стагодзьдзі, за княжаньня Міндаўга. Затое за
Жмудзь мусіла Літва весьці даўгое змаганьне зь нямецкімі рыцарамі - гэтак
званымі крыжаносцамі або "крыжакамі".
Нямецкія манахі -
крыжаносцы бралі ўдзел у крыжавых паходах 12-тага стагодзьдзя
й разам зь іншымі эўрапэйскімі рыцарамі змагаліся з Арабамі за Сьвятую Зямлю -
Палястыну.
Крыжавыя паходы не
дасягнулі свае мэты. Сьвятая Зямля засталася пад уладаю мусульманскіх Арабаў.
Нямецкія крыжаносцы вярнуліся ў Эўропу - спачатку ў Нямеччыну, а крыху пазьней
на ўзьбярэжжа Балтыйскага мора, у краіну паганскага племя Прусаў.
Прусы былі вельмі
ваяўнічыя. Каб абараніцца ад іхных нападаў, суседняе польскае княства Мазавецкае
паклікала на дапамогу нямецкіх крыжаносцаў - гэтак званы Тэўтонскі Ордэн.
Куды лепш узброеныя й дазнаныя ў ваенных справах, крыжаносцы перамаглі Прусаў,
перабілі іх ды пасяліліся ў іхнай зямлі.
Іншая група нямецкіх
крыжаносцаў - Лівонскі Ордэн, пасялілася далей на поўнач,
у цяперашняй Латвіі ды Эстоніі.
3 гэтых заваяваных
земляў Немцы рабілі напады на паганскую яшчэ Жмудзь, а таксама на хрысьціянскую
(праваслаўную) Літву, і ў паўдзённым кірунку на хрысьціянскую (каталіцкую)
Польшчу.
Татары
У сярэдзіне Азіі жыў
вандроўны народ - Татары. Татары не
апрацоўвалі зямлі, а жылі з гадоўлі коняў і авечак. Яны харчаваліся мясам і
малаком. Кажны малады татарскі хлапец вучыўся езьдзіць на кані, страляць з лука
й валодаць шабляй.
На чале паасобных
татарскіх плямёнаў стаялі галавары - ханы. На пачатку 13-га стагодзьдзя
хан Тэмуджын
задзіночыў пад сваю ўладу ўсе татарскія плямёны й назваў сябе "Чынгіс-ханам" - вышэйшым ханам.
Аб’яднаўшы ўсіх Татараў, Тэмуджын, а па ягонай сьмерці іншыя
"Чынгісханы" пачалі наступ на суседнія народы ў Азіі, а пасьля
таксама на Эўропу.
У 1237 годзе татарскае
войска пад кіраўніцтвам хана Батыя заваявала Маскоўшчыну,
зруйнавала Ўкраіну й Польшчу і дайшло аж да мяжы Чэхіі. Тут сабралася вялікае
войска з Чэхаў, Мадзяраў, Немцаў і Палякоў, якое выступіла супроць Татараў. Ня
было пераможцы ў гэтай біцьве. Пасьля яе Татары ня мелі сілаў ісьці далей на
Эўропу й мусілі павярнуць назад, на ўсход. Яны затрымаліся ля ракі Волгі,
каля сучаснага Волгаграду й назвалі сваё паселішча Залатой Ардой.
( Глядзі мапу №4 ). Пад уладаю Залатое Арды засталіся Маскоўшчына й Украіна.
Татары нападалі й на
Беларусь. Праўда, для нападу з паўдня ім перашкаджалі балоты Палесься. Усё-ж з
паўдзённага ўсходу ім удалося ўварвацца ў Беларусь і зьнішчыць шмат гарадоў (у
тым ліку Слуцак і Менск). Яны ўжо падыходзілі аж пад Ліду. Тут іх спыніў Вялікі
Князь Міндаўг (1242 г.) У 1249 годзе Міндаўг разьбіў Татараў яшчэ раз ля Койданава
й адабраў ад іх нарабаваную маемасьць і палонных.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. У якой частцы Беларусі паўстла княства Літоўскае? Калі яно паўстала? У которым стагодзьдзі?
2. Якім способам далучыў Міндаўг суседнія беларускія княствы да Літвы?
3. Якія правы мелі далучаныя княствы ў Вялікім Княстве Літоўскім?
4. Якія балцкія народы жылі на захад ад Беларусаў?
5. Хто гэта былі "крыжаносцы"? Адкуль і чаму яны прыйшлі ў Усходнюю Эўропу? Дзе яны пасяліліся?
6. Каля якіх местаў у Белорусі нашыя продкі разьбілі або спынілі Татараў?
7. Якія народы засталіся пад татарской уладай? Дзе ўрэшце затрымаліся Татары? Як звалася іхнае гаспадарства?
10. ВЯЛІКІ КНЯЗЬ АЛЬГЕРД (1341-1377)
Вялікі Князь Альгерд,
сын Гедымінаў, яшчэ больш узмоцніў Літву; ён пашырыў ейныя межы й уплывы далёка
на паўдня й на ўсход.
Пад кіраўніцтвам
Альгерда літоўскае войска вызваліла Ўкраіну ад татарскае Залатое Арды. У пагоні
за разьбітымі Татарамі, Альгердавы ваякі дайшлі аж да паўночных берагоў Чорнага
Мора. Украінскія землі - Кіеўшчына, Валынь і Падольле
былі далучаныя да Літвы.
На ўсходзе Літва межавала з княствам Смаленскім - гаспадарствам усходніх
Крывічоў. Смальняне, а разам зь імі й іншыя ўсходнія Беларусы (Псковічы
й Разанскія Вяцічы), пачынаючы ад 12-тага стагодзьдзя, былі змушаныя
бараніцца ад свайго ўсходняга суседа - княства Маскоўскага, папярэдніка
цяперашняе Расеі. Злучаныя сілы ўсходніх беларускіх гаспадарстваў здабылі ў
1216 годзе важную перамогу над Маскоўцамі, на рацэ Лысіцы - у Маскоўшчыне. У 1240 годзе Смальняне
разьбілі наступаючых Татараў і спынілі іхны наезд на заходнія беларускія землі.
У войнах Смаленскага
княства з Маскоўшчынай, памагаў Смальнянам таксама Вялікі Князь Альгерд. Ён
тройчы разьбіваў маскоўскае войска - у 1368, 1370 і 1373 гадох; ды кажны раз
усё-ж такі мілаваўся над ворагам і адступаў з Маскоўшчыны.
Вялікі Князь АЛЬГЕРД |
На ледзь значных
сьлядох прасекаў, на прарэзах узгоркаў, на грудах каменьня на балотах, можна
яшчэ й цяпер пазнаць "Альгердаў Шлях ", пракладзены
праз усю Беларусь Вялікім Князем у часе ягоных войнаў з Масквою. Шлях гэты ішоў
ад самае літоўскае сталіцы - Вільні, аж да Масквы.
Альгерд быў ня толькі
з дольным ваеньнікам, але й мудрым палітыкам. Ён хацеў зрабіць Літву ня толькі
наймагутнейшым гаспадарствам Усходняе Эўропы, але адначасна й асяродкам
праваслаўнае царквы. Дзелятаго ён папрасіў канстантынопальскага патрыярха
(галаву праваслаўнае царквы), каб той дазволіў заснаваць праваслаўную
мітраполію ў першай літоўскай сталіцы - Навагродку. Падобная просьба надыйшла ў
Канстантынопаль і ад князя маскоўскага. Хочучы здаволіць абодвых, патрыярх
дазволіў заснаваць мітраполію як у Наваградку, так і ў Маскве. 3 таго часу
пачалося доўгатрывалае супарства між Літвою й Маскоўшчынаю за рэлігійную, а
пасьля й палітычную ўладу ўва Ўсходняй Эўропе.
Аб адным з Альгердавых
паходаў на Маскву знаходзім у летапісах апавяданьне, дзе гаворыцца, што князь
маскоўскі, Зьмітра Іванавіч
"... ня могучы Альгерду даць ніякаго адпору,
паслаў да яго паслоў, просячы й вялікія дары яму абяцаючы, каб ня выганяў яго
зь яго бацькаўшчыны - Масквы, і гнеў свой адпусьціў, і каб узяў у яго, што
хоча. І Князь Вялікі Альгерд зьмілаваўся, ласку сваю над ім учыніў, з Масквы
яго ня выгнаў і мір яму дараваў. Тады Князь Вялікі Дзьмітры Іванавіч да яго
выехаў і дары многія (нязьлічонае золата, срэбра, дарагія пэрлы, саболі й скуры
зьвяроў пушыстых) Вялікаму Князю Альгерду прывёз, і шкоду, якую меў Альгерд,
ідучы на Маскву, зьвярнуў яму.
Тады Альгерд сказаў князю: "Хоць я з табою і
памірыўся, але хачу яшчэ тую славу сабе ўчыніці, што Вялікі Князь Літоўскі
Альгерд дзіду сваю пад Москвою прыкланіў." I сеўшы сам на каня, пад’ехаў
да сьцяны маскоўскае, і дзіду сваю да яе прыставіў. Едучы назад, сказаў вялікім
голосам: "Княжа Вялікі Маскоўскі, памятай, што дзіда літоўская стаяла пад
Масквою ".
Потым Вялікі Князь Альгерд з усім сваім войскам зь
вялікай славай і многім палонам і зь нявымоўным дабыткам, шмат гарадоў
пабраўшы, і граніцу ўчыніўшы па Мажайск і Коломну, дамоў ад’ехаў."
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Якія ўсходня-беларускія гаспадарствы змагаліся супольна супроць Маскоўшчыны?
2. Папярэднікам якога сяньняшняга гаспадарства была Маскоўшчына?
3. Якім способам далучыў Альгерд украінскія землі да Вялікага Княства Літоўскага?
4. Якая памятка засталася ў Беларусі па Альгердавых войнах супроць Масквы?
5. Чаму Вялікі Князь Альгерд хацеў зрабіць Літву асяродкам праваслаўнае царквы?
6. 3 чаго пачалося змаганьне за рэлігійнае кіраўніцтва ў Усходняй Эўропе? Якія гаспадарствы вялі гэтае змаганьне?
11. ДЫНАСТЫЧНАЯ ВУНІЯ З ПОЛЬШЧАЮ
Па сьмерці Альгерда,
вялікакняскі пасад, паводля дагавору між Альгердам і ягонай жонкай, Юльянай,
заняў іхны наймалодшы сын Ягайла. Гэта выклікала вялікае нездаваленьне сярод старэйшых сыноў, асабліва
ў найстарэйшага - Андрэя, князя полацкага.
Былі нездаволеныя й
жыхары заходніх акругаў Літвы (Горадзеншчыны, Берасьцейшчыны, Жмудзі), якія
спадзяваліся, што вялікакняскі пасад зойме князь Кейстут, Альгердаў брат і
ягоная правая рука ў кіраваньні гаспадарствам.
Пачалося нутраное
змаганьне за пасад. У ім перамог Кейстут. Ён узяў Ягайлу ў палон і абвесьціў сябе Вялікім Князем. Будучы
аднак вялікадушным, ён хутка вызваліў Ягайлу й даў яму ўдзельныя землі на
Віленшчыне.
Гэта не пагасіла
канфлікту: неўзабаве Ягайла збунтаваўся й заняў частку Віленшчыны, і тады
запрасіў да сябе ў Крэва Кейстута ды
ягонага сына, Вітаўта, на перамовы. Тут іх Ягайла схапіў і ўкінуў у вастрог,
дзе Кейстут і загінуў ад падасланых Ягайлам забойцаў.
Вітаўту ўдалося ўцячы
з Крэва да крыжаносцаў. Пры іхнай дапамозе ён узнавіў змаганьне за вялікакняскі
пасад. Не жадаючы вайны з крыжакамі, Ягайла дазволіў Вітаўту вярнуцца ў Літву,
ды аддаў яму княства Горадзенскае.
Ягайлава палажэньне
ўсё-ж яшчэ заставалася хісткім: звонку пагражалі крыжаносцы, Татары, Маскоўцы,
а ўнутры існавала небясьпека ад князя Андрэя полацкага, і ад Вітаўта.
Дзелятаго, у 1385
годзе Ягайлавы паслы зьявіліся ў сталіцы Польшчы, Кракаве, каб прасіць рукі
маладой польскай каралеўны Ядзьвігі. Польская шляхта, якая ў запраўднасьці кіравала гаспадарствам,
падтрымоўвала думку дынастычнай вуніі між Польшчай і Літвой, бо гэтым Палякі
спадзяваліся здабыць уплывы ў Вялікім Княстве. Сам-жа Ягайла, стаўшы польскім
каралём, паляпшаў сваё хісткае палажэньне.
Вяліся даўгія
перамовы, у выніку якіх у тым-жа 1385 годзе, у Крэве, быў падпісаны акт
дынастычнай вуніі між Літвою й Польшчаю. Паводля гэтага акту, польскі кароль
меў быць адначасна й Вялікім Князем Літоўскім і кіраваць абедзьве дзяржавы, з
захаваньнем у кажнай зь іх свайго ўраду, войска й скарбу; Палякі ўважаліся
чужынцамі ў Вялікім Княстве й ня мелі права набываць тут зямлю й асядаць.
Жэнячыся зь Ядзьвігай
і прыймаючы польскую карону (у 1386 годзе), Ягайла перайшоў з праваслаўнае веры
на каталіцкую. Апрача таго, ён згадзіўся ахрысьціць на гэтую веру паганскія
плямёны Жмудзь і Аўкштоту, спадзяючыся гэтым
пакласьці канец частым войнам з крыжакамі, якія свае наезды тлумачылі жаданьнем
навярнуць гэтыя балцкія народы на хрысьціянства.
Ягайла маніўся перахрысьціць
у каталіцкую веру й праваслаўную бальшыню жыхарства Літвы, каб зрабіць яе,
гэтакім парадкам, часткаю каталіцкае Заходняе Эўропы. Аднак толькі частка
праваслаўных Беларусаў узяла прыклад зь Ягайлы - галоўным чынам ягоныя сваякі,
блізкая да двара шляхта, ды некаторыя мяшчане.
У часы крэўскае вуніі,
Вялікае Княства Літоўскае як сілаю, так і абшарам, было мацнейшае за Польшчу.
Стаяла вышэй у Ліцьве й культура. Аб гэтым сьветчыць той факт, што Ягайла,
пераехаўшы ў Кракаў, прывозіў туды зь Беларусі выдатных мастакоў для
ўпрыгожаньня каралеўскіх палацаў і сьвятыняў у сталіцы Польшчы. Ня выракся ён і
беларускае мовы, у якой быў выхаваны, і якая ў той час была вельмі пашыраная на
ўсходзе Эўропы. Ад таго часу пры каралеўскім двары пачалі расьці беларускія
ўплывы.
Пасьля сьмерці
Ядзьвігі, Ягайла жаніўся э гальшанскай князёўнай Сонькаю, шчырай
беларускай патрыёткай, якая сыноў сваіх (Уладыслава й Казімера) узгадавала ў
духу любові да Літвы.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Хто быў нездаволены з таго, што Ягайла стаўся Вялікім Князем? Якія былі прычыны гэтага нездаваленьня?
2. Чаму Ягайла пастанавіў прасіць рукі каралеўны Ядзьвігі?
3. Якія былі ўмовы крэўскае вуніі?
4. Чаму Ягайла згадзіўся ахрысьціць Жмудзь і Аўкштоту?
12. ВІТАЎТ ВЯЛІКІ. ПАРА НАЙБОЛЬШАЕ МАГУТНАСЬЦІ ЛІТВЫ
Беларускія патрыёты, а
між імі перадусім князь Вітаўт, ня былі здаволеныя крэўскай
дынастычнай вуніяй. Яны ўважалі, што вунія зьвязвае Вялікае Княства занадта
цесна з асобаю польскага караля, які ў будучыні можа быць чужога (небеларускага)
паходжаньня, або падпасьці пад чужыя ўплывы ды дзеіць на шкоду Ліцьве.
Баючыся адкрытай вайны
між Польшчаю й Літвою, Ягайла быў прымушаны пайсьці на ўступкі ды ў 1392 годзе
прызнаў Вітаўта Вялікім Князем Літоўскім.
Палітыка Вітаўта была
ў першую чаргу скіраваная на ўмацаваньне ўсходніх граніцаў. У 1395 годзе да
Літвы далучылася княства Смаленскае. У 1396-97 гадох Вітаўт
пераняў пратэктарат над вяціцкім княствам Разанскім і забавязаўся бараніць яго
ад усходніх суседзяў - Маскоўцаў. Пад пратэктаратам Літвы былі таксама
рэспублікі Вялікі Ноўгарад і пляменна-крывіцкі Пскоў.
Татары Залатое Арды,
якія жылі ля Волгі ды на ўсход ад ніжняга Дняпра, ставіліся да Вітаўта з
пашанаю й часта запрашалі яго быць судзьдзём у татарскіх нутраных спрэчках.
У 1398 годзе на
Залатую Арду напаў новы татарскі заваёўнік з Азіі - хан Тамэрлян, які, сабраўшы
магутнае войска, наважыў аднавіць імпэрыю Чынгіс-Хана ды заваяваць Эўропу. Хан
Залатое Арды, Тахтамыш, зьвярнуўся да Вітаўта з просьбай аб дапамогу.
Вялікі Князь ВІТАЎТ |
Вітаўт, бачачы тут
нагоду пашырыць сваю ўладу й на землі Залатое Арды, пачаў грунтоўна рыхтавацца
да паходу супроць Тамэрляна. Перш ён заключыў мірную ўмову з сваім заходнім
ворагам - крыжакамі. Тады ён наладзіў запраўдны "крыжавы паход" супроць
Тамэрляна. Апрача Беларусаў, у Вітаўтавым войску былі рыцары з усіх
хрысьціянскіх краёў Эўропы. Гэтая, сіла сустрэлася з Тамэрлянавай арміяй у 1399
годзе ля ракі Ворсклы, на сучаснай Украіне.
Жорсткая й крывавая
бітва ня прынесла перамогі ніводнаму з бакоў - Вітаўтавы рыцары былі разьбітыя,
але й у Тамэрляна не хапала сілаў прадаўжаць свой паход на захад - ён вярнуўся
ў Азію.
Пасьля гэтай
Вітаўтавай няўдачы нямецкія крыжаносцы пасьмялелі ды ўзнавілі свае наезды на
Літву, а асабліва на паўночную Польшчу. Наезды гэтыя з часам ператварыліся ў
запраў;іную вайну. Вялікі Князь Вітаўт і польскі кароль Ягайла наважылі
пакласьці гэтаму канец. Сабраўшы вялікае войска, разам звыш 100000, яны
вырушылі ў кірунку крыжацкай бацькаўшчыны - Прусіі. Сустрэча з выбраным
крыжацкім войскам адбылася 15 ліпеня 1410 году ля сяла Грунвальд (у сучаснай
паўночнай Польшчы). Пасьля цяжкой бітвы крыжакі пацярпелі разгром і нямецкі
наступ на ўсход быў спынены на даўгі час.
У часы княжаньня
Вітаўта Вялікае Княства Літоўскае пашырылася ад Балтыцкага да Чорнага мора й
было найвялікшым гаспадарствам Усходняе Эўропы.
Іншыя краіны Эўропы
паважалі Вітаўта як здольнага палітыка й ваеньніка й стараліся наладзіць зь ім
палітычныя, а часта й дынастычныя сувязі. Прыкладам, каралеўства Чэхія прапанавала
яму заняць чэскі пасад. Вітаўт згадзіўся й паслаў у Чэхію свайго пляменьніка,
Жыгімонта Карыбутавіча, у якасьці прадстаўніка->рэгента.
Жыхарства Вялікага
Княства ў тыя часы складалася із шмат народаў. Апрача Беларусаў, якія засялялі
гэтак званую "Старую Літву", у гаспадарстве жылі Жмудзіны
й Украінцы. Вітаўт асадзіў у Ліцьве таксама
некаторую колькасьць Татараў, пераважна палонных із
Залатое Арды або ўцекачоў адтуль перад наездам Тамэрляна. Татары служылі ў
войску Вялікага Княства й славіліся, як адважныя ваякі. 3 цягам часу яны
прынялі беларускую мову, але захавалі сваю мусульманскую веру аж да сяньня.
Іхныя рэлігійныя кнігі пісаліся па беларуску, але арабскімі літарамі.
У тым часе ў Беларусі
асела й шмат Жыдоў, уцекачоў ад перасьледу ў Нямеччыне ды ў іншых краёх
Эўропы. У Вялікім Княстве яны знайшлі поўную рэлігійную свабоду й таму пачалі
ўважаць Беларусь сваей новай бацькаўшчынай. У мясцох рассяленьня Жыдоў паўстаў
цэлы рад жыдоўскіх рэлігійных школаў. Некаторыя жыдоўскія рэлігійныя кнігі
перакладаліся на беларускую мову ...
Каб палітычна
ўзмоцніць Літву й пашырыць ейныя ўплывы ў Эўропе, Вітаўт пастанавіў ператварыць
Вялікае Княства ў каралеўства. Каранаваньне Вітаўта мела адбыцца ў 1429 годзе ў
Луцку на Валыні, у прысутнасьці наймагутнейшых уладароў Эўропы - нямецкага
імпэратара Жыгімонта, польскага караля Ягайлы, маскоўскага Вялікага Князя
Васіля, прадстаўнікоў Рыму й Бізантыі.
Да каранаваньня аднак
не дайшло: польская шляхта перахапіла пасланцоў, што везьлі карону з Ватыкану,
і ўкрала яе.
Палякі баяліся
канчальнага аддзяленьня Літвы ад Польшчы пасьля каранацыі, і таму ўсімі сіламі
стараліся не дапусьціць да яе.
Каранаваньне адклалі
на 1430 год. Нажаль, яно не адбылося, бо ў тым-жа годзе Вітаўт памёр.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Чаму Вітаўт і іншыя Беларусы хацелі разьвязаць крэўскую вунію?
2. Дзеля якіх прычынаў наладзіў Вітаўт "крыжавы паход" супроць Тамэрляна? Які быў вынік гэтага паходу?
3. У чым, на тваю думку, палягае важнасьць бітвы пад Ворсклай?
4. Чаму бітва пад Грунвальдам уважаецца важным пунктам у гісторыі Ўсходняй Эўропы?
5. Якія народы засялялі Вялікае Княства ў час княжаньня Вітаўта? Якія зь іх перасяліліся ў Літву зь іншых краінаў?
6. Чаму татарскія й жыдоўскія рэлігійныя кнігі пісаліся па беларуску?
7. Чаму Вітаўт наважыў зрабіць Літву каралеўствам? Чаму Палякі былі супроць гэтае думкі?
13. ПАЛІТЫЧНЫ Й ГРАМАДЗКІ ЛАД ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА
Палітычны й грамадзкі
лад Літвы паўстаў на аснове таго парадку, які быў у ранейшых беларускіх
княствах - Полацкім, Смаленскім, Турава-Пінскім і іншых.
Вялікі Князь назначаў
высокіх урадоўцаў: канцлера, падскарбнага й гэтмана - кіраўніка збройных сілаў. У часе
вайны войска было пад камандаю самога Вялікага Князя.
Законы ўстанаўляў
парлямэнт, які складаўся зь дзьвюх палатаў: ніжняе - Сойму, і верхняе - Вялікакняскае Рады.
Да Вялікакняскае Рады спачатку належалі князі, вышэйшая шляхта - магнаты, ды
вышэйшае духавенства. Пазьней у Раду ўваходзілі таксама ваяводы ды старасты
важнейшых мэстаў.
Сойм і Вялікакняская Рада
замянілі ранейшыя палітычныя ўстановы - веча ды прыдворную раду (думу).
Пачынаючы з 15-тага
стагодзьдзя, Вялікае Княства было падзеленае на ваяводзтвы: Віленскае, Троцкае, Полоцкае,
Віцебскае, Смоленскае, Менскае, Наваградзкае, Амсьціслаўскае, Падольскае,
Берасьцейскае, Валынскае, Брацлаўскае й Кіеўскае. На чале кажнага ваяводзтва стаяў ваявода,
назначаны Вялікім Князем.
Так, як усюды ў
Эўропе,у Вялікім Княстве вытварыліся тры асобныя станы жыхарства: баяры
(або шляхта), мяшчане
й сяляне.
Баярскі стан паўстаў із свабодных сялян, якія
выконвалі ваенную службу - былі ў князявай дружыне. Некаторыя зь іх атрымалі за
свае заслугі вялікія падзелы зямлі. Зь іх вылучыліся пазьней магнаты
(вяльможы, паны). Спасярод магнатаў Вялікі Князь дабіраў сабе высокіх урадоўцаў
ды сябраў Вялікакняскае Рады, якія памагалі яму кіраваць гаспадарствам.
3 дробных баяраў
паўстала шляхта. На працягу
гісторыі Вялікага Княства шляхта ўвесь час дамагалася зраўнаньня ў правох з
магнатамі, якія мелі розныя вялікія прывілеі (адмысловыя правы, або
палёгкі).
Мяшчане займаліся рамяством і гандлем. Каб
змагацца з канкурэнцыяй, рамесьнікі арганізаваліся ў цэхі, уступіць у цэх
можна было толькі здаўшы рамесьніцкі экзамэн. Поўнапраўнымі сябрамі цэху былі майстры.
У майстроўнях працавалі таксама падмайстры й чаляднікі, што адбывалі
практыку.
Пазьней, у 17-тым
стагодзьдзі, чаляднікі пачалі засноўваць свае цэхі, для абароны сваіх правоў
перад майстрамі.
Паводля прыкладу
Сярэдняе Эўропы (Нямеччыны, Італіі), бальшыня беларускіх местаў мела права самаўраду - гэтак званае магдэбурскае права.
На чале меставага самаўраду стаяў войт, звычайна назначаны гаспадаром
- Вялікім Князем. Адміністрацыя места была ў руках бурмістра й меставае
рады, якія выбіраліся жыхарствам места. Гэтая адміністрацыя павінна
была даваць справаздачу сваім выбіральнікам.
Судовыя справы
падлягалі войту ды абраным мяшчанамі лаўнікам, якія тварылі лаву
(суд).
Мяшчане з правам
самаўраду рупіліся аб дабрабыце й харастве места. Іхным абавязкам было таксама
ўносіць штогоду пэўную суму грошаў у скарб Вялікага Княства. Ад іншых абавязкаў
(прыкладам, вайсковых) гэтыя месты звальняліся.
Сталіца Вялікага
Княства - Вільня, атрымала права самаўраду ўжо ў 1387 годзе.
Колькасна найбольшым
станам было сялянства. Занятак
сялян - земляробства, было асновай эканамічнага жыцьця Беларусі. Таму, што
Вялікае Княства вяло шмат войнаў, урады мусілі рупіцца, каб земляробства й
эканоміка гаспадарства стаялі на належнай вышыні, каб была магчымасьць
здабываць сродкі на вядзеньне войнаў.
Сяляне звальняліся ад вайсковае
службы, але мусілі плаціць падатак у дзяржаўны скарб. Каб не дапусьціць да
аслабленьня сельскай гаспадаркі, ужо ў 15-тым стагодзьдзі быў выдадзены закон,
які дазваляў селяніну пакідаць сваю гаспадарку толькі тады, калі ён знойдзе
чалавека, які гэтую гаспадарку пярэйме або адкупіць.
Пазьней Вялікае
Княства пачало ўважаць усе пустыя, незаселеныя землі, за дзяржаўныя. Сялянства,
якое колькасна ўсё ўзрастала ды шукала новых земляў, сялілася на гэтай
дзяржаўнай зямлі. За карыстаньне была вызначана нявысокая штогодняя плата -
гэтак званы чынш. Магнаты таксама
здавалі сваю зямлю на карыстаньне сялянам на чыншавых умовах. Селянін мог
калі-хаця пакінуць чыншавую гаспадарку, з тэй умовай, што знойдзе чалавека, які
згодзіцца яе пераняць.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. На якой основе быў пабудаваны грамадзкі лад Вялікага Княства Літоўскага?
2. Назаві высокіх урадоўцаўВялікага Княства. Якія былі іхныя абавязкі?
3. Апішы склад і дзейнасьць парлямэнту Вялікага Княства Літоўскага!
4. Зь якіх людзей паўстала шляхта й магнаты?
5. Чаму сяляне звальняліся ад вайсковае службы?
6. Што гэта чынш?На якіх землях сяляне мусілі плаціць чынш?
7. Пад якой умовай селянін мог пакінуць сваю гаспадарку?
14. Др. ПРАНЦІШ СКАРЫНА - ЗАСНАВАЛЬНІК БЕЛАРУСКАГА ДРУКУ
Пятнаццатае й
шаснаццатае стагодзьдзі (гады 1400-1600) былі "Залатой Парой" у гісторыі беларускага
народу. Ужо ў час княжаньня Вялікага Князя Вітаўта (1392-1430) беларускае
гаспадарства - Вялікае Княства Літоўскае - было адным з наймагутнейшых
гаспадарстваў Эўропы.
Было яно тады й важным
асяродкам культуры й асьветы ўва Ўсходняй Эўропе. У штодзённым жыцьці і ў
дачыненьнях з чужынцамі грамадзяне Літвы карысталіся добра апрацаванымі
законамі ў сваёй, беларускай мове. Суседнія краі - Украіна й Маскоўшчына -
пазьней перанялі шмат якія з гэтых законаў і карысталіся імі стагодзьдзямі.
Беларускія мастакі,
архітэкты, маляры й разьбяры славіліся сваімі творамі па ўсёй Усходняй і
Сярэдняй Эўропе.
Пісьменства -
царкоўнае й сьвецкае - стаяла на высокім узроўні. Старабеларуская літаратурная
мова, багатая й на тыя часы досыць апрацаваная, была ўрадовай мовай Вялікага
Княства; па беларуску пісаліся дзяржаўныя акты, гістарычныя граматы князёў,
судовыя пастановы ды іншае. Ёю карысталіся ў сваіх дзяржаўных справах і ўладары
некаторых суседніх гаспадарстваў, як прыкладам, Малдавіі [6].
У пачатку 16-тага
стагодзьдзя пачынае пашырацца ў Вялікім Княстве Літоўскім новае мастацтва -
друк. Першая друкаваная кніга ў беларускай мове - Стары Запавет Бібліі - была
выпушчаная ў 1517 годзе. Пераклаў яе на беларускую мову й надрукаваў Др.
Пранціш Скарына з Полацку.
Др. Пранціш Скарына
ведамы ў сьвеце ня толькі як заснавальнік друкарства на Беларусі й на ўсходзе
Эўропы, але так-сама як вялікі пісьменьнік, вучоны й беларускі патрыёт.
Др. Пранціш СКАРЫНА
Скарына нарадзіўся ў
1490 годзе ў Полацку. Бацька ягоны быў купцом. У Полацку малады Пранціш
навучыўся граматы, а потым, калі яму было 13-14 год, нейкім чынам трапіў у Вільню.
Хлапец ён быў здольны й старанны - пазьней здолеў паступіць на ўнівэрсытэт у Кракове
(у Польшчы), дзе ў 1506 годзе здабыў дыплём доктара філязофіі.
У 1512 годзе Скарына
робіць падарожжа ў Італію і ў слаўным унівэрсытэце места Падуі здабывае яшчэ адзін
дактарат - у лекарскіх навуках.
Потым Скарына пераехаў
у Прагу
(у Чэхіі), дзе заняўся друкарствам і надрукаваў беларускую Біблію. У 1520 годзе
вярнуўся на Беларусь, у Вільню. Тут, у доме бурмістра Бабіча, ён заснаваў
першую друкарню на роднай зямлі. Будучы ў Вільні, Др. Скарына пераклаў на
беларускую мову й выдаў друкам шмат рэлігійнае літаратуры.
У ўступах,
пасьляслоўях ды заўвагах да сваіх кнігаў, Др. Скарына заўсёды навучаў
"народ паспаліты" любіць свой край, свой народ і ўсе добрае, разумнае
й карыснае.
Друкарства пашырылася
на Беларусі вельмі хутка. Пад канец 16-тага стагодзьдзя было ўжо больш за 60
беларускіх друкарняў. Вучні Др. Скарыны - Пётра Мсьціславец ды Міхал
Хведаровіч - пазьней увялі друкарства ў суседніх краінах - Маскоўшчыне
й Украіне.
З ПРАДМОВЫ П.
Скарыны да кнігі ЮДЫТЫ:
"Каб мы... усякага труду для паспалітага дабра
і для айчыны свае не шкадавалі, бо ад прыраджэньня зьвяры, што ходзяць у знаюць
ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што
плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым подобное, бароняць
вульляў сваіх; тако-ж і людзі - дзе зрадзіліся і ўскормленыя суць па Бозе, к
таму месцу вялікую ласку й маюць."
З ПРАДМОВЫ П.
Скарыны да кнігі ЭСТЭР :
"Ня толькі самі сабе нараджаемся на
сьвет, но болей на службе Божай і для паспалітага дабра."
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Што сьветчыць пра тое, што беларуская мова была ўрадовай у Вялікім Княстве Літоўскім?
2. Што сьветчыць пра тое, што беларуская мова ў тыя часы была пашыранай у Эўропе?
3. Чым вызначыўся Др. Скарына ў гісторыі Беларусі?
4. Дзе праводзіў Др. Скарына сваю друкарскую дзейнасьць?
5. Што хацеў сказаць Скарына ў сваей прадмове да кнігі Юдыты?
6. Хто далей пашыраў друкарства на ўсходзе Эўропы? У якіх краінах?
15. ВОЙНЫ З МАСКОЎШЧЫНАЙ
Пасьля сьмерці
Вітаўта, у 15-тым стагодзьдзі найвыдатнейшым Вялікім Князем Літоўскім быў Казімер
Ягайлавіч (1440-1492).
У 1444-тым годзе брат
Казімераў, польскі кароль Уладыслаў Ягайлавіч, загінуў у вайне з Турэччынай.
Казімер заняў тады таксама й польскі каралеўскі пасад. Каб супакоіць
нездаволеных Беларусаў, ён выдаў у 1447-м годзе адмысловы прывілей (зборнік правоў)
для Вялікага Княства. У гэтым прывілеі Казімер абавязаўся ня ўзрушаць цэласьці
Вялікага Княства, і зьвярнуць Ліцьве ўсе землі, згубленыя ад часоў Вітаўта,
Прывілей таксама гварантаваў займаньне сьвецкіх і духоўных пасадаў у Вялікім
Княстве толькі грамадзянам гэтага гаспадарства.
Стаўшыся, аднак,
польскім каралём, Вялікі Князь Казімер пачаў усё больш і больш цікавіцца
нутранымі справамі Польшчы ды ейнымі палітычнымі інтарэсамі ў Эўропе, адначасна
выпушчаючы з пад увагі справы Вялікага Княства Літоўскага, а асабліва абарону
яго перад ворагамі.
Прыкладам, на паўдні Туркі
захапілі паўночнае ўзьбярэжжа Чорнага мора й поўабток Крым, які дасюль быў пад
літоўскім пратэктаратам.
На ўсходзе пачало ўзноў
пагражаць Княства Маскоўскае, хоць яно яшчэ й плаціла падаткі Татарам.
У 1462-ім годзе
маскоўскі князь Іван ІІІ узяў сабе за жонку дачку апошняга бізантыйскага
імпэратара й наэваў сябе царом і спадкаемцам Бізантыі, а
таксама галавою ўсіх праваслаўных хрысьціян ува Ўсходняй Эўропе. Дзяржаўным
гэрбам Маскоўшчыны быў абвешчаны двухгаловы арол - ранейшы гэрб Бізантыі.
Адначасна цар заявіў, што ўсе праваслаўныя землі, уключна зь Літвою, павінны
перайсьці пад маскоўскую ўладу.
У 1480 годзе Масква
поўнасьцю вызваляецца ад Татараў. Хан Залатое Арды, Ахмат, прасіў Казімера
памагчы яму ў змаганьні з Маскоўшчынай, але кароль, заняты вайною з Турэччынай
і нутранымі справамі Польшчы, уважаў гэта за непатрэбнае. Іван III атрымаў
магчымасьць падрыхтавацца да нападу на Вялікае Княства Літоўскае.
Вайна пачалася ў 1499
годзе. Спачатку Маскоўцам удалося ўварвацца даволі далёка ў беларускія землі.
Каля Амсьціслаўя
яны разьбілі нашае войска ды ўзялі ў палон гэтмана Канстантына Астроскага.
Смаленск апынуўся пад аблогай
маскоўскага войска й па гэройску бараніўся цэлыя два гады, аж пакуль у 1501
годзе Вялікі Князь Аляксандра не адкінуў Маскалёў назад і не заняў самую Маскву.
На просьбу Папы
рымскага паміж Літвою й Маскоўшчынай наступіла замірэньне. Але праз шэсьць год,
у 1509 годзе, змаганьне разгарэлася з новай сілай. Маскве ўдалося захапіць
рэспубліку Пскоў, якая была пад пратэктаратам Літвы. Пазьней маскоўская
армія рынулася й на цэнтральную Беларусь. Маскалі падыйшлі аж пад Воршу
й Друцак.
Гэтман Астроскі, які ў
міжчасе ўцёк з маскоўскага палону, узноў узначаліў беларускае войска. Вартавы
полк Маскоўцаў пад Воршай быў перабіты й дарога на ўсход адчынілася. Астроскі з
войскам і з гарматамі перайшоў праз Дняпро ды напаў на Маскоўцаў. Ворагаў было
ў колькі разоў больш - каля 80000, але гэтман ушчэнт разграміў іх і скіраваўся
на Смаленск
. Цар Іван, які якраз быў у Смаленску, спалохаўся, пакінуў места ды вярнуўся ў
Маскву.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Якая была асноўная мэта прывілею1447 году?
2. Чаму Вялікі Князь Казімер выпушчаў з пад увагі абарону Літвы?
3. Чым выясьняў маскоўскі Вялікі Князь свае жаданьне захапіць праваслаўныя краіны Ўсходняе Эўропы?
4. Як кончылась літоўска-маскоўская война ў пачатку 16-тага стагодзьдзя?
Бітва пад Воршай
(Народная песьня)
Ой, у нядзельку параненьку
Узыйшло сонца хмарненька,
Узыйшло сонейка над борам,
Па-над селецкім таборам.
А ў таборы трубы граюць,
Да ваяцкае нарады зазываюць.
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршы здабываці;
А ці з поля, а ці зь лесу,
А ці з рэчкі невялічкі.
А у нядзельку параненьку
Сталі хлопцы - пяцігорцы
Каля рэчкі на прыгорцы;
Гучаць разам з самапалаў,
3 сяміплядых ад запалаў,
Б’юць паўсоткаю з гарматаў
...
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці.
А як з Воршы ўцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
"Бадай ты рэчка, сто
лет высыхала,
Як нашая слава тутака
прапала;
Бадай высыхала да сканчэньня
сьвету,
Што нашай славанькі ўжо
нету!"
Слава Воршы ўжо нязгорша,
Слаўся, пан Астроскі!
16. ЛІВОНСКАЯ ВАЙНА
У 1558 годзе ўзноў
разгараецца змаганьне Літвы з Масквою. Маскоўскі князь Іван Чацьверты напаў на
Лівонскі ордэн крыжаносцаў - суседзяў Літвы на паўночным захадзе. Магістар
(кіраўнік) ордэну, Кэтлер, зьвярнуўся да Вялікага Князя Жыгімонта Аўгуста
з просьбай далучыць Лівонскі
Ордэн да Літвы ды абараніць яго перад маскоўскім наездам.
Перамога над Маскоўцамі пад НЕВЕЛЕМ - 1563 г. |
Жыгімонт Аўгуст
згадзіўся на гэтакую прапанову й збройна выступіў супроць Масквы. Пачалася
гэтак званая "Лівонская Вайна", якая, з перапынкамі, трывала амаль 25 год. Была яна вельмі
цяжкой, бо Вялікае Княства было змушанае бараніцца адначасна ня толькі ад
Масквы, але й ад Швэдаў, якія таксама напалі на Лівонію, ды ад крымскіх
Татараў, што ўзнавілі свае наезды на паўдзённае пагранічча гаспадарства - украінскія
землі.
У 1562 годзе войска
Івана Чацьвертага ўварвалася на Беларусь, пустошачы Віцебск, Дуброўну, Воршу,
Полацак ды іншыя месты...
Пазьней літоўскія
ваяводы ўсё-ж разьбілі ворага ў колькіх бітвах: князь Мікалай Радзівіл у 1564
годзе пад Чашнікамі, князь
Сангушка ў 1568 годзе пад Вулай, ды ваявода Пац пад Віцебскам.
У выніку часовага замірэньня Полацак і ўсходняя Лівонія ўсё-ж такі засталіся пад
уладаю Масквы.
У 1576 годзе каралём
Польшчы ды адначасна Вялікім Князем Літоўскім стаўся мадзярскі князь Сьцяпан
Баторы. У часе каранацыі ён
дэкляраваў, што адбярэ ад Маскоўшчыны ўсе заваяваныя ёю землі - і вайна
пачалася ўзноў, толькі гэтым разам шчасьце спрыяла Ліцьве. Пасьля сьцягу
літоўскіх перамогаў, у 1582 годзе Масква стаяла перад загубаю. Іван Чацьверты Грозны
пачаў шукаць ратунку ў Рыме, просячы Папу схіліць Літву да замірэньня, даючы
згоду на навярненьне Маскоўшчыны на каталіцтва. Стараньні Рыму давялі да міру.
Ліцьве былі зьверненыя Вялікія Лукі, Невель, Вяліж, Холм ды паўдзённая Лівонія. Што-ж
датычыць абяцаньняў Грознага навярнуць Маскоўшчыну на каталіцтва, дык яны й
засталіся абяцаньнямі.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. З чаго пачалася "Лівонская вайна"? Хто браў у ёй удзел?
2. Дзе й калі здабыло войска Вялікага Княства перамогі над Маскоўцамі? Назаві беларускіх гэтманаў, што стаялі на чале гэтага войска?
3. Які Вялікі Князь нарэшце перамог Маскоўшчыну?
4. Што выратавала Маскву перад загубаю?
17. ДАЧЫНЕНЬНІ ЛІТВЫ Й ПОЛЬШЧЫ - ЛЮБЛІНСКАЯ ВУНІЯ
Змагаючыся з Масквою
на ўсходзе, Вялікае Княства было зацікаўлена ўтрымаць добрасуседзкія дачыненьні
з Польшчай.
Здавалася, што Польшча
ня мела ніякіх захопніцкіх плянаў што да Літвы; прынамсі навонкі Палякі ня
выказвалі такіх намераў, бо й ня мелі сілы на адкрытае збройнае змаганьне.
Затое яны імкнуліся апанаваць Вялікае Княства мірным шляхам, стараючыся ўсякімі
спосабамі пашырыць свае ўплывы сярод беларускіх і жмудзкіх магнатаў, а асабліва
сярод шляхты - абяцаючы ёй новыя прывілеі і большыя правы.
І гэта ім удавалася -
шляхта паступова польшчылася й развальвала гаспадарствавы дух Вялікага Княства
Літоўскага.
Польшча таксама
імкнулася аслабіць Літву тым, што не давала ёй належнай дапамогі ў змаганьні з
Масквою, Швэдамі, Татарамі ды іншымі ворагамі, не зважаючы на дынастычную вунію
між Польшчай і Літвою.
Беларусы хутка
зразумелі польскія намеры й таму былі супроць усякае вуніі; каранаваньнем
Вітаўта яны хацелі парваць усякую лучнасьць з Польшчай.
У сярэдзіне 16-га
стагодзьдзя польскія паны пачалі адкрыта дамагацца поўнага зьліцьця Літвы з
Польшчаю (г. зн. новае вуніі), спадзяючыся выкарыстаць вайсковую сілу Вялікага
Княства ў вайне з Туркамі, якія ў 1541 г. занялі Мадзяршчыну. Апрача таго яны
хацелі здабыць права займаць дзяржаўныя становішчы ды набываць зямлю ў Вялікім
Княстве, што пры Вітаўту было забаронена.
Справа вуніі
абмяркоўвалася на чатырох соймах. На пятым сойме, у 1569 годзе ў Любліне
, беларускія магнаты ў знак пратэсту пакінулі залю сойму. Аднак Жыгімонт Аўгуст,
з прычыны ваенных цяжараў, паставіўся прыхільна да вуніі й пры дапамозе шляхты
з Падольля, Валыні й Кіеўшчыны, што засталіся ў соймавай залі, правёў гэтак
званую "Люблінскую Вунію".
Пастановы гэтае вуніі
былі наступныя:
1. Польшча й Літва
становяць адно гаспадарства - Рэч Паспалітую.
2. На чале
гаспадарства стаіць кароль, які абіраецца на супольным сойме й карануецца ў
Кракаве.
3. Соймы маюць быць
супольныя.
4. Грошы маюць быць
аднолькавыя.
5. Сяліцца можна ў
вабедзьвюх краінах.
6. Валынь, Кіеўшчына й
Падольле належаць да Польшчы. Лівонія - супольна да Літвы й Польшчы.
Беларускія магнаты
ўсё-ж такі вярнуліся на сойм і дамагліся для Вялікага Княства асобнага ўраду,
скарбу й войска. У ўрадах і судох Літвы й надалей панавала беларуская мова, як
урадовая.
Пасьля перамогі ў
Лівонскай Вайне, Беларусы зьмянілі бальшыню пастановаў Люблінскае Вуніі. У
выніку гэтых зьменаў застаўся хаўрус двух незалежных раўнапраўных гаспадарстваў
- з супольным гаспадаром і супольным соймам.
Апрача супольнага
сойму адбываўся й асобны Соймік Вялікага Княства ў Слоніме.
Тут прыймаліся ўсе пастановы, што датычылі Літвы. На супольным сойме
прадстаўнікі Літвы вялі перамовы з прадстаўнікамі Польшчы, не мяшаючыся ў
польскія справы й не дазваляючы Паляком мяшацца ў справы Вялікага Княства.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Якія былі намеры Палякоў да Вялікага Княства Літоўскага?
2. Якім способам яны ослаблялі Літву?
3. Якая была рэакцыя Беларусаў на польскія пляны?
4. Калі й як была устаноўленая новая вунія між Літвою й Польшчаю?
5. Апішы дачыненьні між Літвою й Польшчаю пасьля перамогі ў Лівонскай вайне.
6. Чым розьніўся соймік Вялікага Княства ад супольнага сойму Рэчыпаспалітае?
18. РЭЛІГІЙНЫЯ ДАЧЫНЕНЬНІ Ў ЛІЦЬВЕ
Каталіцтва на
Беларусі
Было ўжо сказана, што
з самага пачатку існаваньня Літвы жыхарства ейнае было праваслаўным. Каталіцкая
вера пачала пашырацца ў Беларусі ад крэўскае дынастычнае вуніі (1385), калі
Вялікі Князь Ягайла перайшоў на каталіцтва. Разам зь ім зьмяніла веру шмат
магнатаў, блізкіх да вялікакняскага двара. Пазьней каталіцтва пашырылася
таксама сярод тае часткі шляхты, якая падпадала над польскія ўплывы.
Спачатку, у 14-тым і
15-тым стагодзьдзях, абедзьве рэлігіі ў Ліцьве жылі ў згодзе, аднолькава
зацікаўленыя дабрабытам свайго народу й развоем гаспадарства. Князі й магнаты,
якія перайшлі на каталіцтва, таксама ставіліся пераважна прыязна да
праваслаўнае бальшыні народу. Яны часта будавалі праваслаўныя цэрквы й
манастыры.
Нажаль, рэлігійны
падзел хутка пачалі выкарыстоўваць у сваіх палітычных мэтах Палякі й Расейцы. У
гэтым ім памагала тое, што як праваслаўе, так і каталіцтва ў Беларусі, залежалі
ад чужых рэлігійных цэнтраў - праваслаўе ад Масквы, а каталіцтва ад Варшавы й
Рыму.
Беларускія патрыёты
імкнуліся вызваліць беларускія цэрквы ад гэтай чужой залежнасьці. Вялікі Князь Альгерд
заснаваў быў навет асобную праваслаўную мітраполію ў Наваградку, якая існавала і ў часе Вітаўта - пры ягонай падтрымцы. Пазьней, калі
залежнасьць Вялікіх Князёў ад Польшчы павялічылася, мітраполію занядбалі і яна
падпала пад уплыў Масквы. Гэта дало магчымасьць Маскалём мяшацца ў нашыя
нутраныя справы, як апякуном праваслаўя.
Рэлігійная вунія
3 другога боку,
каталікі, а асабліва закон манахаў-езуітаў, імкнуліся зусім апанаваць аслаблую
праваслаўную царкву ў Вялікім Княстве. Яны прапанавалі злучыць праваслаўную й
каталіцкую цэрквы пад уладай Папы рымскага ў выглядэе рэлігійнае вуніі;
вунійная царква мела захаваць толькі праваслаўныя, усходнія абрады й
царкоўна-славянскую мову.
Беларускія патрыёты
паставіліся прыхільна да гэтае думкі, спадзяючыся пры дапамозе вуніі загладзіць
рэлігійны падзел і стварыць беларускую нацыянальную царкву, якая паможа ў
нацыянальным узгадаваньні народу.
Асабліва падтрымліваў
гэтыя пляны канцлер Леў Сапега.
У 1595 годзе, у Берасьці,
рэлігійная вунія была ўжыцьцёўленая. Вялікі Князь Жыгімонт Чацьверты Ваза
выдаў дакрэт аб злучэньні цэркваў.
Новая вунійная царква
пашырылася сярод народу вельмі хутка. Яна магла-б запраўды стацца беларускай
нацыянальнай царквой, каб кіраўніцтва ейнае не апынулася ў руках закону
езуітаў. Яны - пераважна Палякі - былі так моцна зацікаўленыя ў поўным зьнішчэньні
праваслаўя, што не зварачалі ўвагі на тую небясьпеку, якую гэта нясе для
дзяржавы.
Змаганьне супроць
праваслаўнае царквы выклікала рэакцыю з боку праваслаўных, і навет з боку тых
беларускіх магнатаў, якія спачатку падтрымлівалі вунію - прыкладам, таго-ж
канцлера Лява Сапегі.
Праваслаўнае
духавенства й мяшчане, згуртаваныя ў праваслаўныя брацтвы, пачалі
энэргічнае змаганьне супроць вуніі. Там-сям даходзіла навет да збройных сутычак
і нападаў на сьвятыні. У часе гэтых забурэньняў, вуніяцкі япіскап Езафат
Кунцэвіч
быў забіты віцебскімі мяшчанамі. Зразумела, што Масква дзейна падтрымлівала
рэакцыю супроць вуніі.
Разгарэлася рэлігійнае
змаганьне, якое адыграла згубную ролю ў гісторыі нашага народу. Яно падзяліла народ
і забіла ідэю беларускае дзяржаўнасьці.
Не зважаючы на шкодную
палітыку езуітаў, беларускае вуніяцкае духавенства засталося верным народу й
трымала зь ім шчыльную сувязь, ужываючы беларускую мову ў казанях. Гэтым
вуніяцтва ўсё-ж такі наблізілася да беларускае нацыянальнае царквы будучыні.
Рэфармацыя на
Беларусі
Рух рэлігійнай
рэфармацыі - пратэстанцтва пачаў пашырацца ў Эўропе ў пачатку 16-га
стагодзьдзя. Ён быў скіраваны супроць неабмежанай улады Папы рымскага.
Рэфарматары высунулі ідэю стварэньня незалежных нацыянальных цэркваў з
багаслужэньнем у роднай мове.
Гэты рух асабліва
пашырыўся ў Нямеччыне, Чэхіі й Швайцарыі. Паўсталі пратэстанцкія цэрквы -
кальвінская й лютэранская.
Беларуская моладзь -
шляхоцкая, а часткава й мяшчанская, якая студыявала на ўнівэрсытэтах Заходняе
Эўропы, вельмі пранялася рэлігійнай рэфармацыяй і перанесла яе на Беларусь, дзе
яе пераняла ладная частка магнатаў і залежнае ад іх шляхты.
Асабліва шмат
прычыніўся да гэтага князь Мікалай Радзівіл Чорны. Ен хацеў зрабіць пратэстанцтва
беларускай нацыянальнай верай, незалежнай ні ад Масквы, ні ад Варшавы.
Беларускія пратэстанты
заснавалі шмат школаў і друкарняў, стварылі багатую рэлігійную літаратуру.
Аднак хутка яны разьбіліся на паасобныя сэкты - лютэранскую, кальвінскую ды
іншыя. Гэтае разьбіцьце перашкодзіла ім агарнуць шырэйшыя пласты беларускага
народу.
Пераход беларускіх
магнатаў і часткі шляхты на пратэстанцтва выклікаў войструю рэакцыю з боку
польскіх езуітаў. Яны паставілі сабе цяпер за галоўную мэту навярнуць
беларускіх магнатаў на чыстае каталіцтва ды зрабіць зь іх Палякоў. У Польшчы
рэлігійнае думаньне стаяла тады на такім-жа прымітыўным узроўні, як і ў Маскве,
дзе праваслаўе раўнялі з маскоўскай нацыянальнасьцяй. Польскае каталіцкае
духавенства раўняла каталіцтва з польскасьцяй і адкрыта выказвала гэты свой
пагляд.
Каб перацягнуць на
свой бок перадавыя й найбольш адукаваныя пласты беларускага грамадзтва, езуіты
павялі працу па ўсіх галінах культуры, прыцягнуўшы да яе й найлепшых культурных
працаўнікоў каталіцкае Эўропы. Яны пабудавалі ў Беларусі шмат школаў, заснавалі
ўнівэрсытэты, манастыры й касьцёлы. У выніку гэтай энэргічнай дзейнасьці ім
удалося навярнуць на каталіцтва ды спольшчыць значную частку беларускага
грамадзтва.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Адкуль прыйшла каталіцкая вера на Беларусь? Якім способам пашырылася яна на Беларусі?
2. Што давала чужынцам магчымасьць выкарыстоўваць рэлігійны падзел нашага народу для сваіх мэтаў?
3. Якім способам мяшаліся Маскоўцы ў нутраныя справы. Літвы?
4. У чым палягала рэлігійная вунія, прапанаваная каталікамі?
5. Чаму некаторыя Беларусы падтрымоўвалі думку вуніі? Чаму вунійная царква не апраўдала іхных надзеяў?
6. Якія былі асновы рэфармацыйнага руху - пратэстанцтва?
7. Хто пашыраў пратэстанцтва на Беларусі?
8. Якая была прычына пераходу пратэстанцкіх магнатаў на каталіцтва?
19. КУЛЬТУРА Й АСЬВЕТА Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ
16-тае стагодзьдзе
было залатой парой беларускае культуры. Маладыя Беларусы езьдзілі на студыі ў
слаўныя ўнівэрсытэты Заходняе Эўропы й прывозілі адтуль новыя ідэі: гуманізм,
рэлігійную рэфармацыю, вынаходзтвы навукі й тэхнікі.
Гуманізм у тыя часы
быў новым кірункам у філязофіі. Ён адрадзіў сярод вучоных зацікаўленьне багатай
і ўсебаковай творчасьцяй грэцкіх і рымскіх клясыкаў у мастацтве й літаратуры.
Апрача таго ён спрычыніўся да адраджэньня дакладных навукаў - матэматыкі,
фізыкі...
Найбольш ведамымі
прадстаўнікамі гуманізму ў Вялікім Княстве Літоўскім былі тады: успомнены ўжо
раней беларускі першадрукар - доктар Пранціш Скарына, перакладнік Евангельля
на беларускую мову - Васіль Цяпінскі, выдавец
"Катэхізісу" ды іншых кнігаў рэлігійнага зьместу - Сымон Будны
й іншыя. У дакладных навуках працаваў Казімер Семяновіч. Ён адзін зь
першых дасьледаваў тэорыю ракетаў.
Культурная дзейнасьць
гуманістых, асабліва Др. Пранціша Скарыны, прычынілася да шырокага разьвіцьця
друкарства й пашырэньня новых ідэяў у Беларусі. У 16-тым стагодзьдзі працавалі
друкарні ў Вільні, Полацку, Менску, Магілёве, Нясьвіжы, Любчы, Заслаўі, Слуцку,
Пінску, Заблудаве, Супрасьлі, Іўі ды ў іншых местах. Найбольш ведамай
зь іх была друкарня братоў Момонічаў (Кузьмы й Лукаша) у
Вільні, якія перанялі выдавецкую дзейнасьць Скарыны. Літаратура таго часу была
пераважна рэлігійнага зьместу й адлюстроўвала ідэі рэфармацыі й гуманізму.
На высокі ўзровень
узьнялася таксама гістарычная літаратура ў беларускай мове. Яна складалася
пераважна зь летапісаў і
гістарычных хронікаў, у якіх ня толькі пералічаліся сухія факты, але часта
даваліся й мастацкія апісаньні падзеяў і спробы знайсьці прычыны гэтых падзеяў.
Пад гэтым паглядам найцікавейшымі летапісамі былі: "Летапіс Быхаўца", "
Летапіс Аўрамкі" і "
Баркулабаўская Хроніка".
3 пашырэньнем
друкарства, царкоўна-славянскі альфабэт, якім дагэтуль пісаліся ўсе кнігі, быў у
Беларусі паступова заменены лягчэйшым, гэтак званым беларускім скарапісам, набліжаным формаю да лацінскага
альфабэту.
Віцебскі вучоны Гальляш Капіевіч,
будучы ў пачатку 17-га стагодзьдзя дырэктарам друкарні ў Амстэрдаме (Галяндыя),
зрэфармаваў гэты шрыфт, спрасьціўшы бальшыню літараў. Гэты ягоны альфабэт
ужываецца цяпер усімі народамі, якія друкуюць кірыліцай - Беларусамі,
Расейцамі, Украінцамі, Баўгарамі й Сэрбамі.
Школьніцтва
Васіль ЦЯПІНСКІ |
Школы ў Вялікім Княстве
Літоўскім стаялі таксама на высокім узроўні. Ніжэйшыя школы засноўваліся
праваслаўным духавенствам пры манастырох большых гарадоў, як у Полацку,
Смоленску, Тураве...
У іх набывалі пачатковыя веды кандыдаты на сьвятароў. Крыху пазьней школы
сталіся даступныя таксама і для паспалітага народу - мяшчан і шляхты. Навукі ў
іх былі наступныя: пісаньне, чытаньне, царкоўна-славянскае пісьменства,
часаслоў, псалтыр, малітвы; часамі ў іх выкладаліся й пачаткі арытмэтыкі.
У 16-тым стагодзьдзі
паўсталі школы іншых веравызнаньняў - каталіцкія, вуніяцкія й пратэстанцкія.
Праваслаўныя школы паступова перайшлі пад апеку праваслаўных брацтваў і набылі
сьвецка-беларускі характар.
Гэтыя брацтвы
заснавалі ў тую пару й вышэйшыя школы -
гэтак званыя акадэміі.
Найслаўнейшая зь іх была ў Вільні; іншыя былі ў Берасьці,
Пінску, Менску, Магілёве й Воршы. Адным з найбольш выдатных прафэсараў праваслаўных акадэміяў быў
Лаўрын Зізані
- пісьменьнік і аўтар беларуска-славянскае граматыкі.
Каталіцкія акадэміі
стаялі таксама на вышыні. У іх былі моцна пастаўленыя гуманістычныя навукі.
Езуіцкая акадэмія ў Вільні славілася выкладаньнем права - літоўскага, магдэбурскага
й саскага.
Пры вунійных парахвіях
і манастырох існавалі вуніяцкія школы - у Жыровіцох, Барунах, Беразьвечы, Амсьціслаўі й Вільні.
У час пашырэньня
рэфармацыі ўзьнікла шмат пратэстанцкіх школаў. У іх выкладаліся: багаслоўе,
рэторыка, паэзія, філязофія, гісторыя, правазнаўства, старадаўныя мовы,
беларуская мова й польская.
Для сялянаў усе гэтыя
школы былі яшчэ недаступнымі. Аднак, беларускія культурныя дзеячы, як Пранціш
Скарына, Васіль Цяпінскі й Сымон Будны ўжо тады думалі пра іх і стараліся
ўжыцьцявіць ідэю асьветы і для сялянаў.
Беларускія
культурныя ўплывы на суседнія народы
Беларуская культура, а
асабліва беларуская мова, мелі ў 14-тым, 15-тым і 16-тым стагодзьдзях вялікі
ўплыў на разьвіцьцё польскае мовы, а часткава й маскоўскае.
У 13-14 стагодзьдзях,
калі беларускі народ ужо меў багатае пісьменства ў сваей роднай мове, у Польшчы
нацыянальнае літаратуры яшчэ амаль ня было. Як рэлігійныя, так і сьвецкія кнігі
ды дзяржаўныя дакумэнты пісаліся толькі на лаціне.
Толькі пасьля пераезду
двара Вялікага Князя Ягайлы ў Кракаў, Палякі пачалі браць прыклад зь Беларусаў
і паслугоўвацца сваей роднай мовай у дзяржаўным жыцьці і ў літаратуры. Гэты
пераход - з лаціны на польскую народную мову - ішоў вельмі павольна. Цікава
зацеміць, што законы Польшчы ў тыя часы перакладаліся з лаціны спачатку на
беларускую мову, як больш дасканалую, а потым зь яе ўжо на польскую. У мове
польскага пісьменства дасюль можна заўважыць вялікія ўплывы нашае мовы.
Беларускія ўплывы на
Маскоўшчыну пранікалі пераважна празь беларускіх эмігрантаў. Гэтыя ўплывы
адчуваліся ўва ўсіх дзялянках грамадзкага жыцьця Маскоўшчыны.
Беларускія эмігранты ў
Маскоўшчыне займалі важныя становішчы сярод духавенства, наладжвалі
школьніцтва, узгадоўвалі царскія сем’і, засноўвалі друкарні й бібліятэкі,
будавалі й упрыгожвалі цэрквы й палацы. Яны зрэфармавалі альфабэт. Наш уплыў на
маскоўскі правапіс і літаратурную вымову можна пазнаць аж да гэтага часу.
Адным з найбольш
выдатных беларускіх эмігрантаў у Маскоўшчыну быў Сымон Полацкі, былы настаўнік
брацкай школы ў Полацку. У 1667 годзе ён перасяліўся ў Маскву, дзе напісаў шмат
казаняў і розных іншых твораў, быў вучыцелем у першай маскоўскай вышэйшай
школе, і выхавальнікам царэвіча Фёдара Аляксеевіча.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Якія новыя ідэі пранікалі на Беларусь з Заходняе Эўропы?
2. Якога роду літаратура паўстала на Беларусі ў гэтую пару? Назаві найвыдатнейшых пісьменьнікаў - прадстаўнікоў гэтае літаратуры.
3. На чым палягала рэформа кірылічнага альфабэту, уведзеная Капіевічам?
4. Якія прадметы выкладаліся ў розных царкоўных школах 16-тага стагодзьдзя?
5. Якія былі ўплывы беларускае мовы на польское пісьменства?
6. Якім способам пранікалі беларускія культурныя ўплывы ў Маскоўшчыну?
20. СУДЫ Й ЗАКОНЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА
На пачатку беларускага
дзяржаўнага жьщьця - у пэрыяд пляменных княстваў - судзіць грамадзян мелі права
народныя сходы, веча, а часткава й князі.
Загалоўная балонка ЛІТОЎСКАГА СТАТУТУ |
Княскія суды дбалі пра
інтарэсы гаспадарства. Іншыя судовыя справы - забойства, зьнявага, крадзеж,
ашуканства - разглядаліся народнымі, гэтак званымі "копнымі"
судамі (ад слова "капіцца").
Пры разглядзе справаў
суды кіраваліся звычаёвым правам і канстытуцыямі асобных беларускіх княстваў.
Гэтыя канстытуцыі гварантавалі, між іншага, асабістую незачэпнасьць і асабістую
адказнасьць за выступы.
У копных судох меў
права браць удзел кажны вырослы жыхар княства. Аднак на практыцы жыхары "копнага
абсягу" выбіралі спасярод
сябе найразумнейшых прадстаўнікамі ў суды.
У пачатку 15-тага
стагодзьдзя шляхта й магнаты пачалі даставаць ад Вялікага Князя розныя прывілеі
й паступова выломвацца спад законаў копных судоў. Шляхта стала сама судзіць
сялянаў і копныя суды заняпалі.
Канцлер ЛЕЎ САПЕГА |
Дзелятаго Вялікі Князь
Казімер
у 1468 годзе выдаў Судоўнік Вялікага Княства Літоўскага - зборнік пісаных законаў,
апрацаваны на аснове звычаёвага права. З уводжаньнем новых законаў і пашырэньнем
прывілеяў, Судоўнік усё пашыраўся, аж пакуль не ператварыўся ў поўны збор
законаў - Статут Вялікага
Княства Літоўскага ("Літоўскі Статут"), які быў абавязкавым на
ўсёй прасторы Вялікага Княства.
Першае выданьне Літоўскага
Статуту ўбачыла сьвет у 1529 годзе. Было яно друкаванае ў беларускай мове.
Адзін гэты факт паказвае, што беларуская культура панавала ў Вялікім Княстве
Літоўскім.
Другое выданьне
Статуту выйшла ў 1566 годзе, а трэйцяе - у 1588 годзе. Гэтае выданьне было
апрацаванае канцлерам Левам Сапегам і друкаванае ў
друкарні Мамонічаў, у Вільні. Яно касавала шмат якія пастановы Люблінскае
Вуніі.
Літоўскі Статут -
вельмі важны нацыянальны помнік беларускага народу. Законы Літоўскага Статуту
доўга служылі прыкладам для суседніх народаў. У Маскоўшчыне першы зборнік
законаў зьявіўся больш, чым на 60 год пазьней, толькі ў 1649 годзе, і ў
бальшыні быў сьпісаны з нашага Літоўскага Статуту.
На прасторы Беларусі
Літоўскі Статут абавязваў навет пасьля ўтраты незалежнасьці Вялікага Княства
Літоўскага - аж да 1840 году.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Чым розьніліся копныя суды ад княскіх судоў?
2. Якая была прычына заняпаду копных судоў?
3. Якія законы былі зьмешчаныя ў Літоўскім Статуце?
4. Чаму Літоўскі Статут уважаецца важным помнікам беларускае гісторыі й культуры?
21. НУТРАНОЕ ЗМАГАНЬНЕ Ў МАСКОЎШЧЫНЕ.
У пачатку 17-тага
стагодзьдзя ў Маскоўшчыне разгарэлася нутраное змаганьне за царскі пасад. У
выніку забойства царэвіча Зьмітра (сына Івана IV Грознага) царом стаўся Барыс Гадуноў. Супроць ягонай улады хутка выбухлі
паўстаньні ў розных частках Маскоўшчыны пад кіраўніцтвам гэтакзванага Зьмітра "Самозванца".
З гэтых забурэньняў
адразу-ж скарысталі грамадзяне раней заваяваных Масквою земляў, а ў першую
чаргу - Беларусы. Севершчына, Смаленшчына, княства Разанскае ды Пскоў
аддзяліліся ад маскоўскага гаспадарства ды дзейна падтрымалі Зьмітра Самазванца
ў ягоным паходзе на Маскву. Разам зь Беларусамі аддзяліліся й данскія казакі
(якія паходзяць ад беларускіх Севяран і Вяцічаў), а таксама й фінскія плямёны
Мардва й Мары - першапачаткавыя жыхары Маскоўшчыны. Але асабліва актыўнага
ўдзелу ў забурэньнях яны ня прымалі.
У часе гэтых
здарэньняў Вялікае Княства Літоўскае стаяла з боку й не аказала блізу аніякае
памогі беларускім паўстанцам у Маскоўшчыне, дарма што сымпатыі грамадзтва
Княства былі на баку паўстанцаў. Прычынай гэтакай пасыўнасьці на ўсходзе былі
падзеі ў Польшчы - трывала вялікае паўстаньне супроць караля Жыгімонта Аўгуста,
які быў адначасна й Вялікім Князем Літоўскім.
Толькі ў 1609-тым
годзе, калі Маскоўцы, пры дапамозе Швэдаў, ўжо авалодалі палажэньнем, Жыгімонт
Аўгуст выступіў супроць Масквы. Хутка быў вызвалены, часова заняты маскоўцамі,
Смаленск і слаўныя аддзелы беларускіх "лісоўшчыкаў" увайшлі ў Маскву.
Прыхільнікі палітыкі Вялікага Княства Літоўскага былі й сярод маскоўскіх
баяраў; некаторая частка сярод іх стаяла за тое, каб маскоўскі царскі пасад
перадаць каралевічу Ўладыславу, сыну Жыгімонта Аўгуста.
Замірэньне паміж
Вялікім Княствам Літоўскім і Масквою наступіла ў 1618-тым годзе й паводля яго
Смаленшчына й Севершчына ўвайшлі ў склад Вялікага Княства.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Якія народы выкарысталі нутраныя забурэньні ў Маскоўшчыне? Каго яны падтрымалі?
2. Чаму Літва спачатку не дала ніякай дапамогі беларускім паўстанцам у Маскоўшчыне?
22. КАЗАЦКІЯ Й ШВЭДЗКІЯ ВОЙНЫ
Рэлігійны перасьлед
праваслаўных грамадзян з боку Палякоў і спольшчанае шляхты выклікаў войстрае
нездаваленьне на Ўкраіне, якая пасьля Люблінскае Вуніі апынулася пад Польшчаю.
Сяляне й мяшчане пачалі арганізаваць бунты й паўстаньні.
Між імі асабліва
вылучалася паўстаньне 1648-га году, на чале якога стаяў казацкі атаман Багдан Хмяльніцкі.
Польскае войска было разьбітае й паўстаньне ня толькі ахапіла ўсю Ўкраіну, але
дакацілася й да Беларусі. Сяляне й мяшчане Гомельшчыны, Мазыршчыны, Бабруйшчыны
й Магілёўшчыны далучаліся да казацкіх аддзелаў.
Змаганьне ўкраінскіх
казакаў з Польшчаю трывала з малымі перапынкамі аж да 1654-тага году, калі
перамога пачала хіліцца на бок Польшчы. Тады Хмяльніцкі папрасіў дапамогі ў
маскоўскага цара і ўзамен за дапамогу прызнаў апеку цара над Украінаю.
Вайна Маскоўшчыны й
Украіны супроць Рэчыпаспалітай пачалася ў 1654-тым годзе й засьпела яе зусім
непадрыхтаванай. Маскоўцы й казакі хутка занялі амаль усю Беларусь, улучна із
сталіцай Вільняй.
У 1655-тым годзе
вайною супроць Польшчы выступіла й Швэдыя. Швэдзкае войска, пад кіраўніцтвам
Караля-Густава, борзда заняло блізу ўсю Польшчу; Швэды пачалі перамовы з
Маскоўшчынай аб падзеле заваяваных земляў.
3 гэтых перамоў аднак
нічога ня вышла, бо Маскоўцы не давяралі Швэдам. Наадварот, паверыўшы Паляком,
якія абяцалі перадаць маскоўскаму цару беларускія й украінскія землі ды навет
польскі каралеўскі пасад, Маскоўцы спынілі вайну супроць Польшчы.
У выніку гэтага
спрытнага манэўру, палажэньне Рэчыпаспалітае палягчэла; польскае войска
перамагло Швэдаў, а войска Вялікага Княства Літоўскага выгнала Маскоўцаў з
бальшыні беларускіх земляў.
Да перамогі над
Маскоўшчынай прычынілася ў вялікай меры абурэньне беларускага жыхарства
маскоўскімі парадкамі на землях, часова занятых Маскоўцамі.
Праўнае палажэньне
сялян Вялікага Княства Літоўскага ў 17-тым стагодзьдзі значна пагоршала; яны
трапілі ў амаль поўную прыгонную залежнасьць ад прывілеяванай і спольшчанай
шляхты. Дзелятаго сялянства спадзявалася палёгкі пры маскоўскай уладзе пасьля
ўцёкаў шляхты. Аднак нічога не зьмянілася. Землі, пакінутыя шляхтай, цар раздаў
маскоўскім дваранам і баярам, якія завялі яшчэ цяжэйшы прыгон. У местах былі
назначаныя расейскія ваяводы, якія безаглядна рабавалі й перасьледавалі
Беларусаў.
Бачачы такія
маскоўскія парадкі, беларускія сяляне, мяшчане й дробная шляхта выступілі
супроць маскоўскае ўлады. Найбольшае паўстаньне было ў Магілёве ў 1661-тым
годзе, калі магілёўцы, на кліч свайго бурмістра Левановіча - "Пара!
Пара!" паўсталі супроць акупанта й выразалі сямітысячны маскоўскі
гарнізон. У вадзнаку за гэты гераічны чын, Магілёў быў зраўнаны ў правох із
сталічным местам Вільняю. Бурмістра Левановіч атрымаў падвойнае прозьвішча - Пара-Левановіч
.
Вайна з Маскоўшчынаю
закончылася ў 1667-тым годзе замірэньнем у Андрусаве, паводля якога Смаленшчына
й Севершчына апынуліся пад маскоўскай уладай.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Якія былі прычыны казацкіх паўстаньняў на Украіне?
2. Якім способам здолела Рэчпаспалітая абараніцца ад ворагаў у вайне 1654 году?
3. Як дайшло да магілёўскага паўстаньня ў 1661 годзе?
23. ЗАНЯПАД ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА
Люблінская й Берасьцейская
вуніі адчынілі дарогу польскім уплывам на Беларусі. Як ужо было сказана,
плянавая дзейнасьць польскага каталіцкага духавенства давяла да таго, што
бальшыня беларускіх магнатаў - перадавых ды найбольш адукаваных прадстаўнікоў
народу - перайшла на каталіцтва ды адначасна спольшчылася, пакінула беларускую
мову й культуру. Гэта пацягнула за сабой заняпад беларускае культуры, а разам з
тым і беларускае дзяржаўнасьці.
Праўда, найвыдатнейшая
й найбольш патрыятычная частка магнатаў прадбачыла гэтую небясьпеку й шукала
розных спосабаў аднавіць поўную незалежнасьць Беларусі ды парваць вунійныя
сувязі з Польшчаю. Прыкладам, у 1655-тым годзе, у часе акупацыі Польшчы
Швэдамі, князь Януш Радзівіл выступіў на баку Швэдаў з мэтаю адрадзіць Вялікае
Княства Літоўскае ў саюзе зь імі. Нажаль, у вайне з Палякамі князь Януш
Радзівіл загінуў.
Крыху пазьней, у канцы
17-тага стагодзьдзя, калі Туркі й крымскія Татары вялі вайну з Польшчаю за
ўкраінскія землі, беларускі магнат Паўла Сапега ізноў прабаваў
унезалежніць Вялікае Княства Літоўскае ад Польшчы. Аднак і гэтая спроба не
ўдалася, бо край і народ былі змучаныя й эканамічна аслабленыя даўгімі войнамі
й ня здолелі разгарнуць шырэйшага вызвольнага руху.
Каб супроцьдзеіць
жывучасьці беларускай незалежніцкай ідэі, польскія соймы прыймалі пастановы й
уводзілі розныя законы, накіраваныя да аслабленьня беларускага народу.
Гэтак, у 1697-м годзе
была прынятая пастанова, паводля якой у Вялікім Княстве Літоўскім забаранялася
ўжываць беларускую мову ў справаводзтве судоў ды іншых урадавых установаў; у
1699-тым годзе было забаронена абіраць праваслаўных грамадзян у самаўрады.
Гэтыя пастановы былі
нажом у сьпіну беларускага народу; яны гамавалі разьвіцьцё беларускага
пісьменства, а гэтым самым і культуры - і пазбаўлялі вялікую бальшыню народу
палітычных правоў.
Пад націскам з боку
Расеі, Прусіі ды Аўстрыі польскі каралеўскі пасад заняў у 1697 годзе Аўгуст
II Саксонец. Немец з паходжаньня,
ён перш-наперш меў наўвеце свае собскія й дынастычныя інтарэсы. Жадаючы
падпарадкаваць сабе Лівонію, якая была тады пад швэдзкай уладай, ён у 1700
годзе, у хаўрусе з Даніяй і Расеяй, выступіў вайною супроць Швэдыі. Вайна
цягнулася да 1721 году й спачатку падзеі спрыялі Швэдам. Калі частка Польшчы
апынулася пад швэдзкай акупацыяй, пад ціскам Швэдаў, у супроцьвагу Аўгусту
Саксонцу, быў абраны другі кароль і Вялікі Князь - Станіслаў Ляшчынскі.
Характэрна, што якраз усходняя Беларусь найбольш спрыяла Ляшчынскаму - тамашняе
жыхарства найлепш знала парадкі Аўгуставых хаўрусьнікаў, Маскоўцаў.
Ваенныя падзеі адбываліся
ўзноў пераважна на беларускіх землях і давялі Беларусь да страшэннага
спустошаньня. Да гэтага прычыніліся найбольш Маскоўцы, якія, каб пазбавіць
швэдзкае войска патрэбных запасаў і выгодаў, сыстэматычна палілі беларускія
месты й сёлы.
У вайне 1700-1721-га
году канчальна перамагла Расея. Яна забрала амаль усю Прыбалтыку (Лівонію) і
сталася найдужэйшым гаспадарствам ува Ўсходняй Эўропе.
У польска-беларускай
Рэчыпаспалітай тымчасам і надалей панаваў нутраны бязлад і сваволя шляхты.
Адначасна польскія рэлігійныя фанатыкі яшчэ больш узмоцнілі перасьлед
праваслаўных грамадзян - Беларусаў і Ўкраінцаў.
Неталеранцыя Палякоў
да праваслаўных давала маскоўскаму цару Пятру I прычыну ўсё часьцей умешвацца ў
нутраныя справы Рэчыпаспалітае - у ролі "абаронцы" праваслаўя.
Масква, разам із сваімі хаўрусьнікамі Прусіяй і Аўстрыяй, фактычна трымала
кантроль над грамадзкім жыцьцём Польшчы й Літвы й сьведама не дапушчала да
аздараўленьня й адраджэньня гэтых краёў.
У 1767-м годзе
праваслаўныя й пратэстанты заснавалі ў Слуцку, дзеля абароны сваіх правоў,
канфэдэрацыю, якая дамагалася спыненьня перасьледу некаталікоў. Калі польскі
сойм не згадзіўся на гэтыя дамаганьні, расейская вайсковая ўлада прымусіла
Палякаў прызнаць дамаганьні слуцкай канфэдэрацыі.
У 1773-ім годзе расейскае
войска ўзноў зьявілася ў краіне, быццам з намерам спыніць палітычнае й збройнае
змаганьне між каталікамі й праваслаўнымі. Навёўшы свой парадак, Масква і ейныя
хаўрусьнікі падзялілі між сабой ладную частку Рэчыпаспалітай. Да Расеі адыйшлі
гэткія ваяводзтвы Вялікага Княства Літоўскага: Магілёўскае, Амсьціслаўскае й
частка Полацкага. Другім падзелам Рэчыпаспалітае да Расеі была далучаная
Меншчына ды часткі Віленскага, Наваградзкага й Берасьцейскага ваяводзтваў.
Сталіцу Польшчы - Варшаву, заняло расейскае войска.
Неўзабаве супроць
расейскае акупацыі выбухла ў Польшчы паўстаньне, на чале якога стаяў генэрал Тадэвуш Касьцюшка
, родам Беларус. Касьцюшка абяцаў сялянам зямлю й звальненьне ад прыгону;
дзелятаго сяляне дзейна падтрымалі паўстанцаў і ў шмат якіх мясцох перамаглі
расейскія аддзелы. На падмогу Расеі выступілі тады Прусія ды Аўстрыя і разам
здушылі паўстаньне. Касьцюшка пазьней пераехаў у Паўночную Амэрыку, дзе прыймаў
удзел у вызвольным змаганьні Амэрыканцаў супроць Англіі.
Па здушэньні
паўстаньня адбыўся трэйці й апошні падзел Рэчыпаспалітае, у выніку якога пад
расейскую ўладу перайшла рэшта беларускіх земляў, і Вялікае Княства Літоўскае
перастала існаваць.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Што давяло да таго, што бальшыня беларускіх магнатаў пакінула свой народ?
2. Каторыя беларускія магнаты стараліся аднавіць поўную незалежнасьць Літвы? Якім способам яны хацелі гэтага дасягнуць?
3. Якім способам Польшча старалася аслабіць гэтыя белорускя імкненьні да поўнае незалежнасьці?
4. Якую мэту ставіла сабе "Слуцкая Канфэдэрацыя" 1767г.?
5. Якія гаспадарствы падзялілі між сабою тэрыторыю Рэчыпаспалітае?
24. У РАСЕЙСКАЙ НЯВОЛІ
Канчальна заваяваўшы
Вялікае Княства Літоўскае, Масква адразу-ж узялася за жорсткі перасьлед усяго
беларускага. Мэтай расейскае акупацыйнае ўлады было зьнішчыць ідэю беларускае
дзяржаўнасьці, а сам народ беларускі зрусыфікаваць - перарабіць на Расейцаў.
Беларуская мова была
забароненая ў школах і ў праваслаўных цэрквах. У 1839-тым годзе акупацыйная
ўлада зьліквідавала беларускую вуніяцкую царкву, якая ў вапошні час
незалежнасьці Вялікага Княства запраўды рупілася пра агульнае ўзгадаваньне й
асьвету народу. Заміж зачыненых беларускіх вуніяцкіх школаў паўсталі школы
расейскія.
Вышэйшыя навучальныя
ўстановы ў Беларусі таксама мусілі спыніць сваю дзейнасьць. У 1820-тым годзе
быў зачынены ўнівэрсытэт у Полацку, а ў 1832-ім годзе - у Вільні. Заміж
зачыненых навучальных установаў не паўстаў ніводзін навет расейскі ўнівэрсытэт,
дарма што беларускія месты няраз прасілі дазволу адчыніць унівэрсытэты на свой
кошт.
У 1840-ым годзе выйшла
забарона карыстацца ў судох Л1тоўскім Статутам. Навет сам назоў нашае
Бацькаўшчыны - Літва, быў заменены на "Паўночна-Заходні Край".
[7]
Эканамічны стан
Беларусі таксама жахліва панізіўся. Край стаўся занядбанай правінцыяй расейскае
імпэрыі. На кошт нашых земляў нажываліся тысячы насланых маскоўскіх урадоўцаў
ды дваран.
Стан прыгоннага
сялянства яшчэ больш пацяжэў. Новыя расейскія паны пазычалі сялян за грошы, як нявольнікаў,
ува ўсе часьці Расеі на цяжкія работы - праводжаньне чыгунак, будаваньне
каналаў і пад.
На мяшчан былі
наложаныя вялікія падаткі; гарадзкія самаўрады зьліквідаваныя ...
Француская рэвалюцыя й
напалеонскія войны, што ахапілі амаль усю Эўропу ў пачатку 19-га стагодзьдзя,
далі беларускім патрыётам некаторую магчымасьць аднавіць незалежнасьць свае
Бацькаўшчыны. Расейскі цар Аляксандра I, хочучы адгарадзіць Расею ад напору
Напалеона, схіляўся да думкі аднавіць Вялікае Княства Літоўскае пад апекаю Расеі.
Гэтую ідэю падтрымалі
беларускія магнаты на чале з князем Міхалам Агінскім. У 1811-тым годзе
вяліся перамовы між імі й Масквою й абгаворваўся праект канстытуцыі адноўленага
гаспадарства. Цікава зацеміць, што ў гэтым праекце, апрацаваным беларускай дэлегацыяй,
быў таксама параграф пра звальненьне сялян ад прыгону ў працягу дзесяцёх год.
Год пазьней, у
1812-тым годзе. Французы ўдарылі на Расею й палажэньне зьмянілася. Напалеон быў
таксама прыхільнікам аднаўленьня беларускае дзяржаўнасьці, хаця ў іншай форме.
Ен стварыў аж два незалежныя беларускія гаспадарствы - "Літву", якая абыймала Беласточчыну,
Горадзеншчыну, Віленшчыну й Меншчыну, і "Беларусь", да якое мелі належаць усе ўсходнія беларускія землі. Гэтакі падзел
Беларусі на два гаспадарствы быў зроблены з палітычных меркаваньняў. У выпадку
замірэньня з Расеяй, Напалеон меўся аддаць "Беларусь" Маскве,
захоўваючы незалежнасьць "Літвы". Ведама, Беларусы ня былі здаволеныя
такім палажэньнем і адразу ўзьнялі пытаньне пра задзіночаньне абодвых
гаспадарстваў.
3 прычыны кароткага
часу й блізкасьці ваенных падзеяў арганізацыя гаспадарства "Беларусі"
ня вельмі далека пасунулася. Затое "Літва" здолела ўстанавіць сваю
адміністрацыю й стварыць урад із сталіцаю ў Вільні. 3 выняткам усходняй
Аўкштоты (у Віленскай губэрні) да "Літвы" належалі толькі беларускія
землі. Чыста балцкія Жмудзь і Сувальшчына не ўвайшлі ў склад гэтага
гаспадарства.
Ваенная няўдача
Напалеона паклала канец кароткатрывалай незалежнасьці Беларусі-Літвы.
Пераможная Расея была цяпер яўна супраць аднаўленьня беларускага гаспадарства.
З паваротам расейскае акупацыі нацыянальны й эканамічны прыгнет Беларусі стаўся
яшчэ цяжэйшым.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Што рабіла расейская акупацыйная ўлада, каб зрусыфікаваць беларускі народ?
2. Чаму расейскі цар схіляўся да думкі аднавіць Вялікае Княства Літоўскае?
3. У якім выглядзе аднавіў беларускую дэяржаўнасьць Напалеон?
4. Назаві даўнейшы нацыянальны назоў краіны, якая па ангельску завецца цяпер Lithuania? Як завуць гэтую краіну цяпер Белорусы? Чаму?
25. ПАЧАТАК БЕЛАРУСКАГА АДРАДЖЭНЬНЯ - ПАЎСТАНЬНЕ 1863 г.
Ідэі францускае
рэвалюцыі 1789 году - воля, роўнасьць і брацтва ўсіх народаў - выклікалі
імкненьні да свабоды й дэміж усімі паняволенымі народамі Эўропы. Знайшлі яны
свае водгукі і ў Беларусі ды далі пачатак беларускаму нацыянальнаму
адраджэньню. Пад іхным уплывам адзінкі з дробнае беларускае шляхты, сьвятары й
настаўнікі пачалі цікавіцца доляй свайго народу й актыўна працаваць на ягонае
дабро.
Сярод іх былі й
навукоўцы - прафэсары Віленскага Ўнівэрсытэту, якія дасканала ведалі слаўную
мінуўшчыну свайго народу й Вялікага Княства Літоўскага. Маючы лучнасьць із
студэнцкай моладзяй, яны здолелі прышчапіць і ёй пачуцьці нацыянальнага гонару
й патрыятызму. На ўнівэрсытэце паўсталі студэнцкія арганізацыі
"філяматаў" (аматараў навукі) і "філярэтаў" (аматараў
дабрачыннасьці). 3 гэтых арганізацыяў выйшлі першыя беларускія паэты
адраджэнскае пары - Ян Чачот (1797 - 1847) і Ўладыслаў Сыракомля.
Чачот, паходжаньнем з
Наваградчыны, пісаў па польску й па беларуску; ягоны блізкі сябра - Адам Міцкевіч,
таксама Беларус з Наваградчыны, пісаў блізу вылучна па польску й узбагаціў
сваім вялікім талентам польскую культуру.
Зачыненьне Віленскага
Ўнівэрсытэту ў 1832 годзе спыніла на нейкі час гэты культурна-адраджэнскі рух.
Аднак хутка зьявіліся новыя беларускія культурныя дзеячы - Ян Баршчэўскі ды вельмі
плодны пісьменьнік - Вінцук Дунін-Марцінкевіч, аўтар
першае беларускае опэры "Сялянка", музыку да якой напісаў спольшчаны Беларус - кампазытар Станіслаў Манюшка.
Побач із культурным
адраджэньнем, усё больш пашыраўся ў Беларусі, асабліва сярод студэнцкае
моладзі, рэвалюцыйны рух супроць маскоўскае акупацыйнае ўлады. Вялася
падрыхтоўка да актыўнага паўстаньня, якое нарэшце й вубухла на тэрыторыях
Беларусі й Польшчы ў 1863 годзе.
Паўстаньне пачалося ў
Польшчы, але неўзабаве перакінулася на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага -
Беларусь і Летуву. Тут змаганьне трывала даўжэй і было вельмі зацятае.
Паўстанскія аддзелы на
Беларусі налічвалі каля 80000 чалавек. Яны правялі больш за 260 боек з куды
мацнейшай, двухсоттысячнай расейскай арміяй, што была кінутая супроць іх.
Паўстаньне на Беларусі
мела зусім іншы характар, чым у Польшчы. Польскім паўстаньнсм кіравала
багацейшая шляхта, што імкнулася да аднаўленьня незалежнае Польшчы із старымі
шляхоцкімі парадкамі ды мала цікавілася доляй сялянаў і мяшчанаў. На Беларусі і
ў Летуве паўстаньнем кіравалі дробная шляхта й мяшчане - прыхільнікі
незалежнасьці Вялікага Княства ды новага сацыяльнага ладу, які дасьць сялянам
зямлю бяз выкупу, асабістую свабоду й доступ да асьветы.
Кастусь КАЛІНОЎСКІ |
Мозгам і рухавіком
паўстаньня на Беларусі стаўся былы студэнт Кастусь Каліноўскі. Ягоныя
ідэі, ініцыятыва й нязломны дух знайшлі сваё адлюстраваньне ў характары
паўстаньня.
У 1863 годзе Кастусю
Каліноўскаму было ўсяго 25 год. Ужо тады гэты вялікі чалавек меў выраблены
палітычны сьветапагляд.
Нарадзіўся Кастусь 21
студзеня 1838 году ў Мастаўлянах каля Ваўкавыску, у сям’і беднага шляхціца-ткача.
Яшчэ хлапчуком ён добра пазнаў бяду запрыгоненага беларускага селяніна.
Наведваючы прагімназію
ў мястэчку Сьвіслачы, а пасьля ўнівэрсытэт у Петраградзе, Кастусь бліжэй
пазнаёміўся з рэвалюцыйнымі настроямі сярод студэнтаў дый сам захапіўся імі.
Студыюючы права ў Петраградзе, ён браў актыўны ўдзел у палітычнай студэнцкай
арганізацыі. Вялікі ідэйны ўплыў на Каліноўскага меў ягоны старэйшы брат Віктар,
што студыяваў на тым-жа ўнівэрсытэце.
Скончыўшы студыі ў
1860 годзе, Кастусь вярнуўся на Беларусь і шчыра ўзяўся за палітычную працу на
беларускай ніве. Ён і ягоны сябра Фэлікс Ражанскі,
перапрануўшыся за вандроўных гандляроў, абышлі пехатою ўсю Горадзеншчыну. Яны
гутарылі з сялянамі ды заклікалі іх змагацца з маскоўскай уладай і польскімі
панамі, што трымалі сялянства ў эканамічнай і палітычнай няволі. Побач із
гэтым, Каліноўскі заклікаў сялянаў любіць сваю мову, сваю культуру й змагацца
за адраджэньне беларускага гаспадарства. Сяляне, нездаволеныя зямельнай
палітыкай расейскага ўраду, вельмі прыхільна прыймалі Каліноўскага. Хаця ў 1861
годзе маскоўскі цар афіцыйна скасаваў прыгон, баючыся сялянскіх забурэньняў,
палажэньне сялянаў мала палепшала; у руках абшарнікаў засталося больш за 60%
зямлі, а за атрыманую зямлю сяляне мусілі плаціць паном вялікі выкуп.
Кастусь Каліноўскі
добра ведаў думкі й настроі ўсіх пластоў народу - сялянаў, мяшчанаў, беднай і
багатай шляхты - дайшоў да выснаву, што ў змаганьні за лепшую будучыню й
незалежнасьць Беларусі трэба абаперціся на сялянаў. Ен пераканаўся, што шляхта,
асабліва багацейшая, пераняўшы шмат ад польскае культуры, ужо ня мела нічога
супольнага з прыгнечаным беларускім сялянствам. Наадварот, у панічным страху
перад сялянскім бунтам, яна была гатовая падтрымаць Маскву, каб толькі
забясьпечыць свой матар’яльны дабрабыт.
Дзелятаго ў сваей
дзейнасьці Кастусь Каліноўскі аддаваў найбольш увагі вызваленьню, асьвеце й
нацыянальнаму ўсьведамленьню сялянаў. Ягоным ідэалам было ўзьняць прыгнечаных
беларускіх сялянаў на змаганьне за чалавечыя правы й зрабіць зь іх вольных,
нацыянальна сьведамых, эканамічна моцных і асьвечаных грамадзянаў, на якіх можа
абаперціся будучая незалежная Беларусь. Дамагаючыся роўных правоў усім
грамадзянам бяз розьніцы сацыяльнага стану, Кастусь Каліноўскі выказаў вялікую
мудрасьць і далёкабачнасьць, да якое тады яшчэ не дайшлі палітыкі шмат якіх
краёў Эўропы. Мала хто зь іх тэю парой разумеў патрэбу гэтак глыбокіх рэформаў
на вёсцы й адважыўся гаварыць аб роўнасьці й брацтве ўсіх грамадзянаў.
Дзеля большай
эфэктыўнасьці свае дзейнасьці, Каліноўскі пачаў у 1862 годзе нелегальна
выдаваць часапіс "Мужыцкая Праўда", што
пашыраўся па ўсёй Беларусі. Пад мянушкай "Яська гаспадар спад Вільні", Кастусь на балонках
"Мужыцкае Праўды" пераконваў сялянаў, што лепшую будучыню яны
здабудуць сабе толькі собскімі сіламі ў збройным змаганьні:
"Нам вольнасьці трэба не такой, якую нам цар
схоча даці, але якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробіма. Няма чаго чакаць ад
нікога, бо ўжне толькі той, хто пасее.
"О, загрыміць наша праўда, і як маланка,
праляціць па сьвеце... Ад Маскаля й паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны ня
вольнасьці, а глуму й зьдзірства нашага хочуць... Але ня доўга яны нас будуць
абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла й праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба,
каб дастаць зямлю й волю...
"Станьма-ж дружна разам за нашую
вольнасьць... А будзе ў нас вольнасьць, якое ня было нашым дзядом і
бацьком".
Поўным кіраўніком
паўстаньня на Беларусі стаўся Кастусь Каліноўскі ўлетку 1863 году, у самы
крытычны мамэнт, калі ў Польшчы яно было блізу здушана, а на Беларусі блізілася
да гэтага.
Прысланы з Масквы ў
чырвені 1863 году губэрнатар Мураўёў жорстка распраўляўся з
паўстанцамі, расстрэльваючы іх, вешаючы, высылаючы на Сібір... Багацейшая
шляхта й абшарнікі, што дагэтуль афіцыйна кіравалі паўстаньнем паводля загадаў
з Варшавы, пачалі выракацца ідэалаў волі й шукаць ласкі ў маскоўскай улады.
Прыхільнікі
Каліноўскага, дзякуючы якім паўстаньне пашырылася на ўсю Беларусь і мела ўсюды
падтрымку з боку сялянаў, у жніўні 1863 году перанялі кіраўніцтва ад
варшаўскага цэнтру, і Кастусь стаўся старшынём "Камітэту, што кіруе
Літвою". Паўстаньне трывала далей, незалежна ад Польшчы.
Камітэт адразу пачаў
рыхтаваць агульную мабілізацыю жыхарства Беларусі й Летувы. Мабілізацыя была
вызначаная на вясну 1864 году й мела ахапіць таксама ўсіх сялян.
Рыхтаваньне да яе
вымагала напружанае працы. Каліноўскі сам часта выяжджаў на правінцыю,
арганізаваў мабілізацыйныя камісіі, пасылаў сваіх упоўнаважаных у далёкалоглыя
акругі.
На змаганьне з
паўстанцамі Расея кінула шырокую сетку шпіёнаў і жандармэрыі. У іхныя рукі
лучыў высланы Каліноўскім прадстаўнік на Магілёўшчыну, 19-цёхгадовы студэнт Вітаўт
Парафіяновіч. Пры допытах
Парафіяновіч заламаўся й выдаў расейцам адрыс і мянушку Каліноўскага ды адрысы
іншых паўстанскіх кіраўнікоў.
Каліноўскі быў арыштаваны
й засуджаны на кару сьмерці; 22 сакавіка 1864 быў павешаны на Лукіскім пляцы ў
Вільні. Яму было тады ўсяго 26 год. Ішоў ён на сьмерць адважна, перакананы ў
непамыльнасьці свайго чыну й верны сваім ідэалам. Стоячы ўжо пад шыбеніцай і
пачуўшы, што ўрадавец кліча яго: "...дваранін Канстанцін Каліноўскі",
Кастусь крыкнуў:
"Няпраўда! У нас
няма дваранаў! У нас усе роўныя!"
Апошнія словы
Каліноўскага да беларускага народу, зь віленскага астрогу, былі:
"Мужыкі, браты мае родныя !
Спад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць да
вас і можа астатні раз. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мне
народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль загінуць за тваю
праўду. Прымі народзе, да шчырасьці мае слова прадсьмертнае, бо яно як-бы з
таго сьвету толькі для дабра твайго напісана. Нямаш, браткі, большого шчасьця
на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тады ён толькі ўрадзе жыць
у дастатку, і тады толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, бо, узбагаціўшы
навукай розум, разаўе сэрца й народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з
ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзівая ня ідзе разам зь няволяй
маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды,
ня будзе багацьця і ніякае навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не
для дабра, а на пагібель нашу.
Ваюй, народзе, за свае чалавечае й народное права,
за сваю веру, за зямлю сваю родную. Бо я табе спад шыбеніцы кажу, народзе, што
тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над тобой Маскаля ўжо ня будзе."
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Якія ідэі далі пачатак беларускаму нацыянальнаму адраджэньню?
2. На каго (зь Беларусаў) мелі гэтыя ідэі найбольшы ўплыў?
3. Чым розьнілася паўстаньне на Беларусі ад паўстаньня ў Польшчы?
4. Дзе пазнаёміўся Кастусь Каліноўскі з рэвалюцыйнымі ідэямі?
5. Чаму ў сваёй дзейнасьці Каліноўскі пастанавіў абаперціся на сялян?
6. На што клаў найбольшы націск Каліноўскі ў сваіх закліках да беларускіх сялян?
26. БЕЛАРУСКАЕ КУЛЬТУРНАЕ АДРАДЖЭНЬНЕ
Каб не дапусьціць да прадаўжаньня
беларускай незалежніцкай дзейнасьці, пачатай Кастусём Каліноўскім і
"Мужыцкай Праўдай", у 1867 годзе расейская ўлада забараніла ўсякі
друк у беларускай мове. Гэта быў цяжкі ўдар для беларускага культурнага
адраджэньня.
Аднак гэтая забарона
не перашкодзіла шматлікім навукоўцам (пераважна беларускага паходжаньня),
змушаным працаваць для расейскай культуры, і надалей цікавіліся беларускай
народнай культурай - песьнямі, казкамі, легендамі. Этнографы Кіркор, Нікіфароўскі,
Раманаў, Федароўскі, Шэйн і
іншыя ў сваіх дасьледчых працах станоўка сьцьвердзілі, што хоць беларускі народ
і зьняволены, ён не памёр - ягоная мова й культура прадаўжаюць свой гістарычны
працэс. У 1870 годзе выйшаў першы беларуска-расейскі слоўнік Івана Насовіча.
Малодшыя Беларусы, былыя
ўдзельнікі паўстаньня Кастуся Каліноўскага, навязалі кантакты з расейскім
лібэральным рухам з мэтаю ўзмацненьня свае рэвалюцыйнае дзейнасьці. Адным зь іх
быў Ігнат Грынявецкі,
студэнт Петраградзкае палітэхнікі. Ен належаў да палітычнае арганізацыі, што
ставіла сабе за мэту зьнішчыць расейскі царызм і перабудаваць расейскую імпэрыю
ў фэдэрацыю вольных народаў. 1-га сакавіка 1881-га году Ігнат Грынявецкі зрабіў
замах на расейскага цара Аляксандра II. Бомба, якая забіла
цара, сьмяротна раніла й самога замахоўца - Грынявецкі памёр тэй-жа ночы ў веку
25 год.
Не зважаючы на
забарону беларускага друку, беларускія адраджэнцы друкавалі шмат вершаў,
артыкулаў і лятучак патрыятычнага зьместу за мяжою - і пасьля распаўсюджвалі іх
нелегальна ў Беларусі. У 1870 годзе. беларускія выгнанцы ў Швайцарыі выдавалі
часапіс "Згавор".
Францішак БАГУШЭВІЧ |
Найвыдатнейшым
прадстаўніком гэтае беларускае падпольнае літаратуры быў паўстанец 1863 году, Францішак Багушэвіч.
Пасьля здушэньня паўстаньня ён апынуўся на Ўкраіне й там пачаў пісаць і
друкаваць беларускія творы пад мянушкамі "Мацей Бурачок" і "Сымон Рэўка спад Барысава". Найбольш ведамыя зь
іх - "Дудка Беларуская"
і "Смык Беларускі"
друкаваліся за мяжою, у Кракаве (тады пад Аўстрыяй).
У сваіх творах
Багушэвіч стараўся паказаць беларускім сялянам слаўную мінуўшчыну беларускага
народу ды заклікаў іх да адраджэньня роднае культуры й свае, беларускае
дзяржаўнасьці.
Францішка Багушэвіча
часта завуць "Бацькам беларускага адраджэньня". У прадмове да
"Дудкі Беларускае" ен пісаў:
"Братцы мілыя, дзеці Зямлі - Маткі маёй! Вам
ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб
нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі
цёмныя, "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай".
... I пераканаўся я, што мова нашая такая-ж
людзкая й панская як і француская, альбо нямецкая, альбо й іншая якая. Чытаў я
цімала старых папераў па дзьвесьце, трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і
пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысьцюсенькай, як-бы вот цяпер пісалася.
... Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога
даная, як і другім добрым людцом, і гаворым-жа мы ею шмат і добрага, але так
ужо мы самі пусьцілі яе на зьдзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахвотней
гавораць па-француску, як па-свойму.
... Ці-ж ужо нам канешне толькі на чужой мове
чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет трэба знаць суседзкую мову, але
наперш трэба знаць сваю.
... Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш
мову сваю, так як той чалавек перад скананьнем, которому мову займе, а потым і
зусім замерлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! Пазнаюць
людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе: ото-ж, гаворка, язык і ёсьць
адзежа душы.
... Можа хто спытае: дзе-ж Беларусь? Там, братцы
яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да
Чарнігава, дзе Гродна, Менск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...
Мацей Бурачок.
Апрача Багушэвіча
найбольш ведамымі прадстаўнікамі беларускае літаратуры другое палавіны 19-га
стагодзьдзя былі: Ян Няслухоўскі (пісаў пад мянушкай "Янка Лучына"),
Адам
Гурыновіч і Казімер Кастравіцкі ("Карусь Каганец").
У канцы стагодзьдзя
навукоўцы беларускага паходжаньня пачалі грунтоўна вывучаць таксама й багатую
гісторыю Беларусі. Працы прафэсараў Даўнар-Запольскага, Лаппо, Любаўскага
й інш. зрабілі вялікае ўражаньне на беларускую
студэнцкую моладзь і абудзілі ў ёй нацыянальную сьведамасьць і патрыятызм.
Прафэсар Іван Карскі ў тым-жа часе напісаў вялікую й
грунтоўную працу "Беларусы" - аб беларускай культуры,
фальклёры, мове й гісторыі.
Пад уплывам гэтых
навукоўцаў беларускія студэнты, і моладзь наагул, усё больш і больш стала
цікавіцца беларускім нацыянальным адраджэньнем і пачала дзейна працаваць для
яго. Паўсталі беларускія студэнцкія гурткі пры ўнівэрсытэтах у Петраградзе,
Маскве, Варшаве, Кіеве, Парыжы, Кракаве, Адэсе. З гэтых гурткоў выйшлі дзесяткі
беларускіх культурных і палітычных дзеячоў, якія пазьней зарганізавалі
беларускі палітычна-вызвольны рух гадоў 1900-1918.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Чаму беларускія адраджэнцы мусілі выдаваць сваю літаратуру за мяжою?
2. Якую галіну беларускае культуры дасьледавалі навукоўцы ў пачатках беларускага культурнага адраджэньня?
3. Аб чым найбольш гаворыць Францішак Багушэвіч у прадмове да "Дудкі Беларускае"?
27. БЕЛАРУСКІ ПАЛІТЫЧНЫ РУХ 1900 - 1918г.
Нашаніўская Пара
Дзеячы "Грамады" - |
Пазнаючы мінуўшчыну
свайго народу й працуючы над адраджэньнем роднае культуры, новае пакаленьне Беларусаў
паставіла сабе за мэту аднаўленьне дзяржаўнасьці й поўнае незалежнасьці
Беларусі.
У 1902 годзе, у Менску
паўстала першая беларуская палітычная арганізацыя - "Беларуская Сацыялістычная Грамада".
Заснавальнікамі яе былі студэнты - браты Іван і
Антон Луцкевічы, пісьменьнік Казімер Кастравіцкі й работнік
Віктар Зелязей.
"Беларуская
Сацыялістычная Грамада" друкавала й пашырала нелегальныя брашуры й
заклікі, а таксама патрыятычныя творы Я. Няслухоўскага, Ф. Багушэвіча ды іншых,
малодшых пісьменьнікаў. На сваім зьезьдзе ў 1903 годзе "Грамада"
паставіла сабе за мэту стварэньне Аўтаномнае Беларускае Рэспублікі із
парлямэнтам у Вільні.
Ваенныя няўдачы
расейскае імпэрыі на Далёкім Усходзе ў 1905 годзе, і выкліканая імі рэвалюцыя,
прымусіла царскі ўрад даць некаторыя палёгкі сваім грамадзянам - перадусім,
большую свабоду ў палітычным і рэлігійным жыцьці. Дзеячы "Грамады"
(браты Луцкевічы, В. Іваноўскі, А. Уласаў) адразу-ж выкарысталі новыя,
вальнейшыя абставіны, і ў 1906 годзе пачалі легальна выдаваць газэту "Наша Доля".
Дарма, што мэты
выдаўцоў "Нашае Долі" былі вельмі сьціплыя (абарона інтарэсаў
беларускіх сялян і змаганьне за права здабываць адукацыю ў роднай мове), газэта
была хутка зьліквідаваная расейскай уладай.
Аднак, хутка яна была
адноўленая пад назовам "Наша Ніва". Галоўнай
мэтай выдаўцоў "Нашай Нівы" было: памагчы беларускаму народу
ўсьведаміцца нацыянальна, пазнаць свае нацыянальныя правы й дамагацца іх. Трэба
мець на ўвазе, што расейская акупацыйная ўлада імкнулася да таго, каб зьнішчыць
Беларусаў, як сьведамы й апрычоны народ. Гэтая палітыка праводзілася двума
спосабамі - недапушчаньнем беларускае мовы ў школы, цэрквы й публічнае жыцьцё
і, адначасна, штучным паглыбленьнем рэлігійных розьніцаў між Беларусамі.
Расейцы дамагаліся таго, каб Беларусы ўважалі рэлігійную прыналежнасьць больш важную за нацыянальную - каб
праваслаўнаму Беларусу праваслаўны чужынец-расеец быў бліжэйшы, чымся
суродзіч-Беларус, але каталік.
"Наша Ніва"
выходзіла рэгулярна да 1915 году і сталася голасам беларускага культурнага й
палітычнага адраджэньня. Выдаўцы газэты здолелі прыцягнуць і задзіночыць у
працы блізу ўсіх выдатных Беларусаў - пісьменьнікаў, паэтаў, культурных і
грамадзкіх дзеячоў.
Дзякуючы вытрываласьці
й працавітасьці гэтае групы, ідэялы беларускага нацыянальнага адраджэньня
пашыраліся між беларускіх сялянскіх масаў; у выніку - вырабіліся й далучыліся
да руху сотні новых беларускіх патрыётаў.
Балонкі "Нашай
Нівы" давалі ім магчымасьць прабаваць свае здольнасьці ў літаратуры й
журналістыцы. Пры "Нашай Ніве" вырасьлі выдатныя прадстаўнікі новае
беларускае літаратуры, як паэты Янка Купала (Іван Луцэвіч), Якуб Колас
(Канстант Міцкевіч), Алесь Гарун (Аляксандра
Прушынскі), Максім Багдановіч і пісьменьнік Максім Гарэцкі.
Малодшыя Беларусы,
згуртаваныя вакол "Нашай Нівы", вызначаліся высокай маральнасьцяй,
працавітасьцяй, адвагай і адданасьцяй сваім ідэалам. Яны ўважалі за свой
абавязак - прысьвяціць свае жыцьцё працы на карысьць беларускага народу.
Паэт ЯКУБ КОЛАС |
Як было ўжо сказана,
найвыдатнейшымі беларускімі дзеячамі нашаніўскае пары былі браты Іван і Антон
Луцкевічы. Яны шмат зрабілі для беларускага вызвольнага руху. Па іхнай
ініцыятыве была створана "Беларуская Сацыялістычная Грамада!" Па
прафэсіі археолёг, Іван Луцкевіч не пакідаў і сваёй асноўнай працы: зьбіраў матар’ялы
й нарэшце заснаваў Беларускі Гістарычны Музэй у Вільні - багатую скарбніцу
памятак зь мінуўшчыны Беларусі. Антон Луцкевіч быў здольным рэдактарам і
плодным журналістым. Апрача таго, ён выявіў не малыя здольнасьці ў
палітычна-грамадзкай працы.
Паэтка Алёйза Пашкевіч
(псэўданім - Цётка) здабыла асаблівую папулярнасьць сярод віленскіх
работнікаў сваімі ўзрушана-рэвалюцыйнымі й патрыятычнымі вершамі.
"Цётка" была, апрача таго, вельмі актыўнай у беларускіх грамадзкіх і
дабрачынных арганізацыях. Яна памерла ў 1916 годзе ад тыфусу, якім захварэла
арганізуючы дапамогу хворым у Лідчыне. "Цётчын" ідэалізм і поўная
адданасьць справе беларускага народу засталіся назаўсёды ў сэрцах ейных
суродзічаў.
Да найбольш энэргічных
прадстаўнікоў нашаніўскае пары належаў таксама Вацлаў Ластоўскі.
Ён быў дзейны ў розных галінах адраджэнскага руху: рупіўся пра поступ у справе
беларускае мовы, пра нацыянальнае ўзгадаваньне моладзі, пра папулярызацыю
слаўнае мінуўшчыны Беларусі й інш. Ягоная "Короткая Гісторыя Беларусі" была і папулярным і
вельмі эфэктыўным дапаможнікам для нацыянальнага ўсьведамленьня народных масаў
тых часоў.
Дзейнасьць Беларусаў,
згуртаваных вакол "Нашай Нівы", не абмяжоўвалася журналістыкай і
літаратурай, але ахапляла і іншыя галіны беларускага грамадзкага жыцьця -
узгадаваньне моладзі, наладжаньне земляробскіх каапэратываў, палепшаньне
сельскай гаспадаркі, арганізацыя народных хораў і тэатраў - адным з найлепшых
арганізатараў у гэтай галіне быў мастак Ігнат Буйніцкі; ён здолеў стварыць ансамбль беларускай
песьні й танцаў, які хутка здабыў вялікую папулярнасьць па ўсёй краіне.
У тыя часы Беларусы
часта выступалі на розных міжнародных кангрэсах, зьездах і фэстывалях і гэтым
самым папулярызавалі беларускі вызвольны рух і здабывалі сабе прыхільнікаў за
мяжой.
Першая
Сусьветная Вайна - Усебеларускі Кангрэс
У жніўні 1914 году
выбухла сусьветная вайна. Нямецка-расейскі фронт, які ўрэшце спыніўся на
беларускіх землях, перарваў лучнасьць і супрацу між галоўнымі цэнтрамі
беларускага адраджэнскага руху - Менскам і Вільняю. Вільню занялі Немцы,
тымчасам як Менск застаўся пад Расейцамі.
Рэвалюцыя 1917 году
ачысьціла тэрыторыю Беларусі ад царскіх урадоўцаў. Новыя беларускія арганізацыі
й палітычныя партыі ўзьнікалі, як грыбы па дажджы. 18-га сьнежня ўсе яны
згуртаваліся ў Вялікай Беларускай Радзе й склікалі Ўсебеларускі Кангрэс у
Менску.
У Кангрэсе прынялі
ўдзел 1872 дэлегаты, якія рэпрэзэнтавалі ўсю беларускую этнаграфічную тэрыторыю
- ад Беласточчыны да Смаленшчыны. Дэлегаты абралі Раду Кангрэсу, якой даручылі
праводзіць нарады; праф. Іван Серада быў абраны старшынёй Кангрэсу. Пры
разглядзе найважнейшага пытаньня - палітычнай будучыні Беларусі - удзельнікі
Кангрэсу падзяліліся на два лягеры - прыхільнікаў поўнае незалежнасьці й
прыхільнікаў шчыльнае сувязі з Расеяй у форме фэдэрацыі. Незалежнасьці
дамагаліся, галоўным чынам, беларускія грамадзкія дзеячы, жаўнеры, студэнты й
настаўнікі; яны былі ў бальшыні й пастанавілі абвесьціць аўтаномную беларускую
дэмакратычную рэспубліку.
Расейская
камуністычная партыя, хаця й была запрошаная, ўдзелу ў Кангрэсе ня брала.
Камуністыя ўсё-ж такі ўважна сачылі за працай Кангрэсу. Убачыўшы, што
беларускія незалежніцкія ідэі перамагаюць, яны пастанавілі разагнаць Кангрэс
збройнай сілай. Гэта ім удалося зрабіць пры дапамозе расейскіх франтавых адзінак,
што стаялі ў Менску й былі пад моцным камуністычным уплывам.
Абвешчаньне
Беларускай Народнай Рэспублікі
Вясною 1918-га году
нямецкая армія ўзнавіла свой наступ на ўсход, выпіхаючы расейскіх камуністых зь
Менску і з усяе цэнтральнае Беларусі. Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага
Кангрэсу ў сваей "Першай Устаўной Грамаце да
народаў Беларусі" абвясьціў сябе часовай уладай у Беларусі й забавязаўся
як найхутчэй склікацьУсебеларускі Ўстаноўчы Сойм.
Адначасна быў створаны
Народны Сакратарыят
Беларусі дзеля ўжыцьцяўленьня й абароны палітычнае праграмы, прынятае
Кангрэсам. Народны Сакратарыят і Рада Кангрэсу сталіся першым беларускім урадам
і адначасна парлямэнтам.
9-га сакавіка
Выканаўчы Камітэт Рады Кангрэсу выдаў "Другую Ўстаўную Грамату", у якой быў акрэсьлены дзяржаўны
лад Беларусі, правы ейных грамадзян і вольнасьці пражываючых у Беларусі
народаў:
"Беларусь у рубяжох расьсяленьня і
лічэбнай перавагі беларускага народу абвящчаецца Народнаю Рэспублікай.
- Асноўныя законы Беларускае Народнае Рэспублікі
зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага,
простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род,
народнасьць і рэлігію.
- Да часу, пакуль зьбярэцца Ўстаноўчы Сойм
Беларусі, заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народной Рэспубліцы належыць Радзе
Ўсебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў
Беларусі.
- Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай
Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца
Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ.
- У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі
абвяшчаецца свабода слова, друку, сходаў, забастовок, хаўрусаў; бязумоўная
свабода сумленьня, незачэпнасьць особы і памешканьня.
- У рубяжох Беларускае Народное Рэспублікі ўсе
народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае
права ўсіх моваў народаў Беларусі.
- У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі
права прыватнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым,
што самі на ей працуюць. Лясы, азеры і нутро зямлі абвяшчаюцца ўласнасьцю
Беларускае Народное Рэспублікі.
Ідэя незалежнасьці
Беларусі знаходзіла ўсё большае падтрыманьне ў народзе. На сваім паседжаньні
24-га й 25-га сакавіка 1918 году, Рада Кангрэсу, званая цяпер Радаю Беларускае
Народное Рэспублікі (БНР), выдала "Трэйцюю Ўстаўную Грамату", якая
абвесьціла БНР незалежнай дзяржавай:
Год таму назад народы Беларусі, разам з
народамі Расеі, скінулі ярмо расейскага царызму, якое найцяжэй з усіх прыдушыла
Беларусь; ня пытаючыся народаў, ён кінуў наш край у пажар войны, якая дашчэнту
зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з родного
краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое было накінутае расейскім
царызмам на наш вольны і незалежны край.
Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка
абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у васобе
свайго ўстаноўчага сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі.
БНР павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае
лічбавую перавагу беларускі народ, а ўласьне : Магілеўшчыну, беларускія часьці
Меншчыны, Віленшчыны, Горадзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і
сумежныя часткі суседніх губэрняў, заселеных беларусамі.
БНР пацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці
грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаныя Ўстаўнай Граматай ад 9-га
сакавіка 1918 году.
Абвяшчаючы аб незалежнасьці БНР, Рада яе ўскладае
свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы помогуць беларускаму народу ў
поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэялы.
25-га сакавіка 1918 г. Менск.
Рада
БНР". [8]
Незалежнасьць Беларусі
была праўна прызнаная гэткімі гаспадарствамі: Украінай, Чэхаславаччынай,
Аўстрыяй, Фінляндыяй, Польшчай, Турэччынай, Летувой, Латвіяй, Эстоніяй, Арменіяй
і Грузіяй. Бальшыня краінаў сьвету прызнала фактычную незалежнасьць Беларусі.
Урад БНР хутка навязаў
дыплёматычныя й гандлёвыя дачыненьні зь іншымі гаспадарствамі Эўропы й пачаў
цяжкую й адказную працу - адбудову доўга паняволенай ды зьнішчанай вайною
Бацькаўшчыны.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Калі паўстала першая беларуская палітычная арганізацыя? Як яна звалася? Хто яе заснаваў? Якія былі ейныя мэты?
2. Якое значэньне мела газэта "Наша Ніва" для беларускага адраджэнскага руху?
3. Назаві найвыдатнейшых грамадзкіх і культурных дзеячоў нашаніўскага пэрыяду ! Чым кажны зь іх вызначаўся?
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Што паказаў Першы Ўсебеларускі Кангрэс у 1917 годзе?
2. Які быў зьмест "Першай Устаўной Граматы" Выканаўчага Камітэту Рады Кангрэсу?
3. Які быў зьмест "Другой Устаўной Граматы"?
4. Чаму ўгодкі 25-га сакавіка 1918 году сталіся беларускім нацыянальным сьвятам?
28. УТРАТА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ - СЛУЦКАЕ ПАЎСТАНЬНЕ
Нямеччына, якая ўвесну
1918 году акупавала заходнюю й цэнтральную Беларусь (улучна зь Менскам), ня
прызнала Беларускае Народнае Рэспублікі. Нямецкія акупацыйныя ўлады рабілі
ўсякія перашкоды, каб не дапусьціць да стварэньня беларускага войска, так
патрэбнага ў той час для абароны краю.
Дзелятаго, канец першай
сусьветнай вайны й капітуляцыя Нямеччыны ў лістападзе 1918 году засьпелі БНР у
вельмі цяжкім палажэньні. 3 двух бакоў наступалі на Беларусь моцныя, добра
зарганізаваныя й узброеныя варожыя сілы - расейскія камуністыя (бальшавікі) з
усходу й польскія паны з захаду. Абодва ворагі былі наважаныя не дапусьціць да
незалежнасьці Беларусі.
Прымушаныя ўсё-ж такі
лічыцца зь беларускім незалежніцкім рухам, які ахапіў усю Беларусь, і тыя й
другія абяцалі Беларусам пэўную аўтаномію ў рамах Савецкага Саюзу або Польшчы.
Гэтак, у супроцьвагу БНР, бальшавікі абвесьцілі ў Смаленску Беларускую
Савецкую Сацыялістычную< Рэспубліку (БССР).
Палякі ў сваіх закліках да грамадзян Вялікага Княства Літоўскага заяўлялі, што
яны змагаюцца "за нашу й вашу вольнасьць".
Польскі маршал Пілсудзкі
быццам навет плянаваў фэдэрацыю, у склад якое павінны былі ўвайсьці: Польшча,
Беларусь, Летува й Украіна. Аднак, Беларусы не давалі веры польскім абяцаньням
- і хутка выявілася, што Польшча запраўды ня ставілася паважна да справы
аўтаноміі - занятая пазьней Палякамі Заходняя Беларусь была проста далучана да
Польшчы.
Польска-савецкая вайна
кончылася ўвосень 1920 году. Была ўстаноўленая лінія замірэньня - ад Дрысы
на поўначы да Давідгарадка на паўдні. Менск застаўся на ўсход ад гэтай лініі
- на савецкім баку. Хаця збройныя сілы БНР былі за слабыя й занадта
расьцярушаныя, каб даць належны адпор як Паляком, так і бальшавіком, у
некаторых мясцох яны, з падтрыманьнем мясцовага насельніцтва, доўга змагаліся з
куды мацнейшым ворагам.
Найлепш было зарганізаванае
абароннае змаганьне ў Случчыне, у лістападзе й сьнежні 1920 году. Яно ўвайшло ў
беларускую гісторыю як "Слуцкае паўстаньне". Калі, у лістападзе 1920 году бальшавіцкія
аддзелы прасоўваліся на захад, у кірунку Слуцку, Беларуская Рада Случчыны заявіла, што "жыхарства Случчыны ня прызнае ніякае
чужацкае ўлады й будзе лічыць законнай толькі тую ўладу й урад, які выбярэ й
паставіць сам беларускі народ."
Верныя сваёй
пастанове, случчакі хапіліся за зброю, каб спыніць бальшавіцкі наступ. На
заклік Рады Случчыны адгукнулася больш за 10000 паўстанцаў. 27-га лістапада
1920 году новаствораная Слуцкая Дывізія пачала змаганьне з ворагам. Шмат дзе
паўстанцам удалося ня толькі стрымаць бальшавікоў, але й адабраць ад іх
захопленыя раней вёскі й мястэчкі. Бальшавікі мелі вялікія страты забітымі й
раненымі.
Шмат чырвонаармейцаў
перайшло на бок случчакоў. Бачачы гэта, савецкае камандаваньне кінула супроць
паўстанцаў адборныя й найбольш верныя камуністычныя аддзелы, якія прайшлі па
Случчыне з жудасным тэрорам.
Абарона Случчыны
трывала больш за пяць тыдняў, але сілы былі няроўныя. 28-га сьнежня 1920 году
Паўстанская Дывізія з боем перайшла польска-савецкую дэмаркацыйную лінію й была
Палякамі абязброена.
Меншыя памерам бунты й
паўстаньні як водгук змаганьня за незалежнасьць Беларусі, выбухлі і ў іншых
частках Беларусі - у Вяліжы, Гомелі, Барысаве, Рагачэве ды ў іншых мясцох.
Савецка-польскі пакт,
падпісаны ў Рызе ў 1921 годзе, фармальна падзяліў Беларусь уздоўж лініі
замірэньня 1920-га году. Заходняя Беларусь з 4-ма мільёнамі жыхарства сталася
часткаю Польшчы. У цэнтральнай Беларусі была ўстаноўленая БССР - із сталіцаю ў
Менску. Найбольшая частка беларускае этнаграфічнае тэрыторыі - на ўсходзе й
поўначы - апынулася ў межах Расейскае Савецкае Рэспублікі - у тым ліку й
Смаленск, дзе ў 1919 годзе была абвешчаная БССР.
Рада й Урад БНР,
узначаленыя П. Крэчэўскім і В. Ластоўскім, былі змушаныя выехаць
за мяжу - у Летуву.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Чаму БНР ня здолела абараніцца перад Палякамі й бальшавікамі?
2. Якім способам Расейцы й Палякі прабавалі здаволіць беларускія імкненьні да незалежнасьці?
3. У якіх мясцоввсьцях было зарганізаванае абаронное змаганьне супроць наступаючай бальшавіцкай арміі?
4. Між якімі гаспадарствамі была падзеленая Беларусь у 1921 годзе?
29. БЕЛАРУСЬ МІЖ СУСЬВЕТНЫМІ ВОЙНАМІ
Беларуская
Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР)
Спачатку, у дваццатых
гадох, камуністычны рэжым у БССР захаваў некаторую нацыянальную й культурную
аўтаномію Беларусі, маючы надзею, што гэтым здабудзе прыхільнасьць Беларусаў да
камунізму й да савецкага ўраду. Шмат беларускіх нацыянальных дзеячоў вярнуліся
з-за мяжы з мэтаю выкарыстаць гэтыя магчымасьці для далейшага разьвіцьця
беларускае культуры й эканомікі. Найбольш ведамымі сярод іх былі - геаграф Аркадзь Смоліч,
пісьменьнік Максім Гарэцкі, прафэсары Эпімах-Шыпіла,
Доўнар-Запольскі й іншыя. Узмацненьне ролі беларускае мовы й культуры
ў БССР было галоўнай мэтай гэтых дзеячоў.
У выніку іхнай
дзейнасьці пачалася акцыя "беларусізацыі" грамадзкага
жыцьця ў БССР; беларуская мова стала ўрадовай мовай рэспублікі. Ужо ў 1926 г. у
БССР працавала сетка вышэйшых навучальных установаў, на чале з унівэрсытэтам у
Менску. Студэнцкія гурткі сыстэматычна зьбіралі дадзеныя аб беларускай культуры
й эканоміцы. Шмат сабранага імі матар’ялу было надрукавана ў часапісе "Наш
Край". Унівэрсытэт пачаў
грунтоўнае дасьледаваньне беларускае мовы, гісторыі, літаратуры, этнаграфіі,
эканомікі ды геаграфіі. Апублікаваныя працы сьветчылі пра вялікія здольнасьці й
дынамізм разбуджанага беларускага народу.
Паміма паважных
палітычных абмежаваньняў, беларускае мастацтва, музыка, тэатр і літаратура
падымаліся на ўсё вышэйшы ўзровень. Рады культурных працаўнікоў увесь час
папаўняліся маладымі сіламі, якія гарэлі жаданьнем выказаць свае думкі й
пачуцьці ў сваей роднай мове, у беларускім культурным асяродзьдзі.
Эканамісты М.АЗБУКІН (У савецкай ссылцы) |
Сябры літаратурных
клюбаў "Маладняк", а
пазьней "Узвышша" узьнялі беларускую літаратуру на
агульна-эўрапэйскі ўзровень. Паэты й пісьменьнікі "Узвышша" - Зьмітрок Бядуля,
Уладзімер Дубоўка,
Язэп Пушча ставілі сабе за мэту ўнесьці
беларускую літаратуру ў скарбніцу сусьветнае культуры. Беларускія літаратурныя
й навуковыя сілы ўтрымоўвалі таксама сувязь зь іншымі краінамі Эўропы. У Менску
адбываліся міжнародныя літаратурныя й навуковыя канфэрэнцыі; замежныя госьці
былі зьдзіўленыя жывучасьцяй беларускага культурнага жыцьця.
Дасьледаваньні
беларускіх геалёгаў таксама далі добрыя вынікі. У Беларусі былі знойдзеныя
багатыя залежы фасфарытаў, мінэральных хварбаў, торфу.
Апрача таго, пачатыя ў той час досьледы прадбачылі магчымасьць адкрыцьця й
іншых багацьцяў у нетрах Беларусі - каменнае солі, нафты, зялезнае руды.
Навукоўцы А.
Смоліч, Г. Гарэцкі й М. Азбукін дасьледавалі гісторыю
эканомікі Беларусі й вызначылі кірунак ейнага разьвіцьця ў будучыні. У сваей
выдатнай працы "Нацыянальны Прыбытак Беларусі" Г. Гарэцкі зьвярнуў
увагу на эканамічнае Беларусі Расеяй і навочна, статыстычнымі дадзенымі,
паказаў, як Расея багацее коштам беларускіх земляў.
Агрыкультурныя
працаўнікі БССР зрабілі падарожжа ў Данію й Галяндыю, каб вывучыць
сельска-гаспадарскую тэхніку гэтых краёў - з кліматычнымі ўмовамі падобнымі да
беларускіх. На падставе здабытых ведаў і грунтоўнага вывучэньня патрэбаў
беларускага земляробства, Беларусы апрацавалі праект зямельнае рэформы. Над
гэтай рэформай, якой прадбачылася стварэньне індывідуальных гаспадарак і малых
селішчаў, найбольш працаваў камісар земляробства БССР, Зьмітра Прышчэпаў.
Як бачым, ягоныя пляны ня мелі нічога супольнага з пазьнейшай савецкай сыстэмай
калектыўных гаспадарак ("калгасаў").
Паміма гэтых
дасягненьняў у галіне культуры й эканомікі, беларускі народ ня меў магчымасьці
выказаць свае палітычныя пагляды ды ўжыцьцявіць іх на практыцы. Аб свабодзе
слова й прэсы нельга было й думаць.
У такіх абставінах
беларускія нацыянальныя дзеячы імкнуліся выкарыстаць тыя магчымасьці, што былі,
для дабра свайго народу - у першую чаргу для разьвіцьця беларускае культуры, "нацыянальнае
сваім зьместам і сацыяльнае па форме".
Пазьней і гэтая магчымасьць
была аднятая савецкім урадам.
Разгром
нацыянальнага руху ў БССР
Культурная й
нацыянальная дзейнасьць беларускіх патрыётаў у БССР хутка выклікала варожую
рэакцыю з боку расейскае камуністычнае ўлады. Ажыўленьне беларускага
культурнага жыцьця пацягнула за сабой вымаганьні большае палітычнае аўтаноміі
для Беларусі; пачалі зьяўляцца навет прапановы адлучыцца ад Савецкага Саюзу.
Каб не дапусьціць да
ўжыцьцяўленьня гэтакіх плянаў, у канцы дваццатых гадоў савецкая камуністычная
партыя пачала атаку супроць "беларускіх нацыяналістых". Перш-наперш
гэтая атака была скіраваная на найбольш незалежных і патрыятычных беларускіх
пісьменьнікаў. Шмат зь іх былі неўзабаве арыштаваныя й вывезеныя зь Беларусі.
Крыху пазьней
папулярныя культурныя ўстановы, як тэатр і кіно, былі прымушаныя паступова
замяніць беларускі рэпэртуар расейскім. Усьлед за тым пачалося сыстэматычнае
цкаваньне, накіраванае да зьнішчэньня ўсяго запраўды беларускага.
Беларускія паэты й
пісьменьнікі моцна пратэставалі супроць гэтага перасьледу. Да іх далучыліся
прыхільнікі "беларускага нацыянальнага камунізму" - пісьменьнікі М.Зарэцкі,
Александровіч і іншыя.
Маскоўская "чыстка" пазьней не абмінула й беларускіх
"нацыянал-камуністых", што займалі кіруючыя становішчы ў БССР. Былі
арыштаваныя й вывезеныя: камісар асьветы Баліцкі, камісар земляробства Прышчэпаў, прэм’ер БССР - Я. Адамовіч, і сам
заснавальнік БССР - пісьменьнік Зьмітра Жылуновіч, які пасьля
звар’яцеў у савецкім астрозе.
Адначасна савецкая
ўлада пачала змушаць беларускіх сялян у калектыўныя гаспадаркі -
"калгасы". Гэтая новая й нялюдзкая форма паншчыны выклікала станаўкі
супраціў сярод беларускіх земляробаў, якія гэтак доўга марылі пра свабоду й
собскі кавалак зямлі. Уканцы аднак, жорсткі тэрор з боку савецкага
гаспадарства, у выніку якога загінула больш за 1 мільён сялян у сібірскіх
ссылках, зламаў гэты супраціў.
У пачатку трыццатых
гадоў пачаліся масавыя арышты ўсіх тых, хто так ці інакш прычыніўся да
разьвіцьця беларускае справы ў папярэднім дзесяцігодзьдзі. Пад шыльдай "Нацыянал-Дэмакратаў", савецкая ўлада арыштавала сотні пісьменьнікаў журналістых,
настаўнікаў, палітыкаў і адміністратараў, абвінавачваючы іх у прыналежнасьці да
"Союзу Вызваленьня Беларусі".
Мэтаю гэтае фікцыйнае арганізацыі быццам было адлучэньне Беларусі ад Савецкага
Саюзу ды ўстанаўленьне незалежнага гаспадарства. Цікава зацеміць, што
канстытуцыя Савецкага Саюзу не забараняе паасобным рэспублікам адлучыцца ад
Саюзу; наадварот, гэтае права канстытуцыяй гварантуецца.
Усе арыштаваныя "Нацыянал-Дэмакраты" былі вывезеныя ў розныя
працоўныя лягеры Сібіру й савецкае Поўначы. Бальшыня іх там і загінула. Іхныя
літаратурныя й навуковыя працы былі забароненыя на Беларусі, а часта навет і
зьнішчаліся. Беларускі народ застаўся без правадыроў - на ласцы маскоўскага
акупанта.
Насланыя маскоўскія
бюракраты кіравалі рэспублікай. Расейская мова апанавала грамадзкія ўстановы,
прэсу, тэатр, унівэрсытэты. Навет шмат сярэдніх школаў перайшлі на расейскую
мову навучаньня. У 1933 годзе была праведзеная "рэформа" беларускага правапісу
й граматыкі - з мэтай наблізіць беларускую літаратурную мову да расейскае.
Страх перад
перасьледам і тэрорам з боку савецкае ўлады пранік у штодзённае жыцьцё
грамадзян Савецкае Беларусі. Сусед перастаў давяраць суседу, баючыся, што той,
прымушаны ўладамі, выдасьць яго за адно неасьцярожнае слова.
Гэтакае было
палажэньне жыхароў Савецкае Беларусі напярэдадні Другое Сусьветнае Вайны.
Заходняя
Беларусь
Чатырохмільённае
жыхарства Заходняе Беларусі апынулася ў 1921 г. пад Польшчаю. Паводля
Вэрсальскай мірнай умовы беларускай нацыянальнай мяншыні ў Польшчы
гварантавалася права карыстацца роднай мовай у грамадзкім жыцьці, навучаньне ў
школах у беларускай мове й тварэньне сваіх арганізацыяў. Гэтыя правы
гварантавала Беларусам таксама канстытуцыя польскага гаспадарства.
На практыцы аднак,
Беларусы былі пазбаўленыя гэтых правоў. Польскае гаспадарства паставіла сабе за
мэту зьнішчыць беларускую нацыянальную мяншыню - спольшчыць яе. Гэтая акцыя
вялася рознымі спосабамі:
- Школы зь беларускай
мовай навучаньня былі паступова ліквідаваныя - спачатку замененыя двумоўнымі, а
пасьля чыста польскімі. У 1920 годзе ў Заходняй Беларусі было больш за 500
беларускіх школаў, а ўжо ў 1925 годзе не засталося ніводнае. Таксама былі
зачыненыя беларускія настаўніцкія сэмінарыі.
- Беларуская мова была
забароненая ў каталіцкім касьцеле. Беларускія ксяндзы былі прымушаныя пакінуць
Заходнюю Беларусь.
Былыя польскія жаўнеры
атрымоўвалі зямлю ("асады") ў Заходняй Беларусі, дзе зямлі не хапала
мясцоваму сялянству - Беларусам.
З эканамічнага
гледзішча Заходняя Беларусь сталася крыніцай сыравіны для прамысловасьці
Польшчы. Польшча ня цікавілася разбудовай мясцовае прамысловасьці на "Усходніх
Крэсах", як афіцыйна былі названыя заходня-беларускія землі. Дзелятаго
шмат маладых Беларусаў выяжджала на работу ў прамысловыя акругі Польшчы, або
навет і за мяжу. Гэтакая эміграцыя найздальнейшае й найбольш актыўнае моладзі
яшчэ больш аслабляла беларускую нацыянальнасьць у Польшчы.
Беларусы давалі
супраціў гэтаму прыгнёту на двух франтох: - у польскім парлямэнце праз сваіх
прадстаўнікоў у палітычных партыях, і дзейнасьцю беларускіх грамадзкіх і
культурных арганізацыяў.
У 1922 г. у польскім
парлямэнце былі 4 беларускія сэнатары й 16 паслоў. Яны абаранялі беларускія
інтарэсы ня толькі ў Польшчы, але і ў Лізе Нацыяў ды ў іншых міжнародных
установах.
Найбольшай беларускай
палітычнай партыяй была "Беларуская Работніцкая Грамада",
заснаваная пасламі Тарашкевічам, Рак-Міхайлоўскім, Мятлою й Валошынам у 1925 годзе. Гэтая партыя прадаўжала
традыцыю перадваеннай "Грамады" братоў Луцкевічаў. У сваей праграме
"Грамада" клала галоўны націск на падняцьце дабрабыту ў Беларусі й
абарону беларускіх нацыянальных правоў. Дзеячы "Грамады" ставіліся
прыхільна да беларускай нацыянальнай працы, што праводзілася ў Савецкай
Беларусі ў пачатку дваццатых гадоў. Пагляд, што ў БССР будуецца запраўдны "Беларускі
Народны Дом", быў
даволі пашыраны сярод жыхарства Заходняе Беларусі, якое адчувала на сабе
прыгнет Польшчы.
Нажаль, гэтае
прыхільнае й часта некрытычнае становішча сяброў "Грамады" да
савецкага рэжыму ў БССР дало магчымасьць савецкім агентам прабрацца ў рады
партыі й выкарыстаць яе для сваіх, камуністычных мэтаў.
Браніслаў ТАРАШКЕВІЧ |
Іншыя беларускія
партыі былі: Беларускія Хрысьціянскія Дэмакраты, Беларускі Зьвяз ды
інш. Усе яны ставіліся да камунізму варожа.
У 1927 годзе
"Грамада" налічвала больш за 100000 сяброў. Гэты хуткі рост
беларускае партыі ўстрывожыў польскую ўладу, а таксама камуністычных агентаў,
што імкнуліся перахапіць кіраўніцтва "Грамады". Камуністыя зразумелі,
што бальшыня грамадаўцаў - гэта беларускія нацыяналістыя, якія ставяцца
прыхільна да працы іншых беларускіх нацыяналістых у БССР, але не да расейскага
камунізму.
Пры дапамозе з боку
камуністычных правакатараў, у 1927 годзе польскі ўрад зьліквідаваў
"Грамаду" Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі ды іншыя дзеячы былі
арыштаваныя й засуджаныя на 12 год турмы. Некаторыя зь іх былі пазьней
вымененыя за Палякоў, што сядзелі ў савецкіх вязьніцах. Яны выехалі ў БССР, і
там, пры разгроме беларускіх "Нацыянал-Дэмакратаў" у канцы дваццатых
гадоў, загінулі.
У 1930-тых гадох усе
беларускія арганізацыі былі зьліквідаваныя, або моцна паслабленыя ў выніку
перасьледаваньня польскімі ўладамі.
Усё-ж такі, паміма
цяжкога нацыянальнага прыгнёту, Польшчы не ўдавалася спольшчыць жыхароў
Заходняе Беларусі. Лік нацыянальна сьведамых Беларусаў рос з кажным годам.
ПРАКТЫКАВАНЬНЕ - Адкажы пісьмова на пытаньні:
1. Чаму некаторыя беларускія дзеячы вярнуліся з-за мяжы ў БССР?
2. Падай некаторыя адзнакі жывучасьці беларускага культурнага жыцьця ў БССР у дваццатых гадох!
3. Назаві дасягненьні беларускіх эканамістых тае пары!
4. Якія групы беларускага насельніцтва найбольш пацярпелі пры разгроме "нацдэмаўскага" руху ў БССР? Чаму савецкія напады былі скіраваныя супроць іх?
5. Якімі спосабамі польскі ўрад імкнуўся аслабіць беларускую нацыянальную групу ў Польшчы?
6. Якім способам бараніліся Беларусы ад польскага перасьледаваньня?
7. Якія былі мэты партыі "Грамады"?
30. БЕЛАРУСЬ У ЧАСЕ 2-ОЙ СУСЬВЕТНАЙ ВАЙНЫ
1-га верасьня 1939 г.
кончыўся дваццацігадовы мір у Эўропе. Гітлераўская Нямеччына напала на Польшчу,
якую зараз-жа падтрымалі Англія й Францыя.
Адначасна Савецкі
Саюз, паводля ўмовы зь Нямеччынай, заняў Заходнюю Беларусь і далучыў яе да
БССР. Савецкае "вызваленьне" прынесла жыхаром Заходняе Беларусі тыя-ж
умовы, што панавалі ў БССР - калгасы, паўсюдны страх перад вывазам, брутальныя
напады на беларускую культуру й традыцыі. У 1940 г. і ў першай палове 1941 г.
блізу поўмільёна людзей было вывезена з Заходняе Беларусі. Каб здабыць ваенныя
базы (і прыхільнасьць) у суседняй Летуве, савецкі ўрад аддаў ей беларускае
места Вільню - ведама, ня
пытаючыся згоды "вызваленага" насельніцтва.
Нямецка-савецкая
вайна
22-га чырвеня 1941 г.
кончыўся кароткатрывалы хаўрус між дзьвюма ўзаемна варожымі дыктатурамі -
гітлераўскай Нямеччынай і Савецкім Саюзам. Гітлерава войска заатакавала
савецкую імпэрыю ды ў хуткім часе заняло бальшыню тэрыторыі Беларусі.
Праўда, у той час
Нямеччына яшчэ ня выявіла сваіх плянаў у дачыненьні да акупаванае Беларусі.
Усё-ж такі, не зважаючы на Немцаў, Беларусы пачалі шырокую палітычную й
культурную дзейнасьць - аснову для будучае незалежнае Беларусі.
Прывыкшы працаваць для
беларускай справы ў цяжкіх умовах савецкага або польскага прыгнёту, беларускія
патрыёты адразу-ж выкарысталі спачатны пэрыяд ваеннага хаосу для разгарненьня
дзейнасьці. Беларускія эмігранты пачалі варочацца з Заходняе Эўропы,
спадзяючыся ўнесьці свой уклад.
Пэрыяд параўнальна
свабоднае нацыянальнае дзейнасьці кончыўся з прыбыцьцём нямецкае цывільнае ўлады,
якая мела вельмі выразны плян што да Беларусі: зрабіць яе калёніяй Нямеччыны.
Беларусам новая ўлада прызначыла ролю рабскае працоўнае сілы для разбудовы
"Вялікае Нямеччыны". Неўзабаве гітлераўцы выступілі адкрыта супраць
беларускага нацыянальнага руху ; пачаліся арышты й расстрэлы больш дзейных і
незалежна думаючых Беларусаў. Карыстаючыся правілам "Падзялі й пануй", Немцы хітра выкарысталі рэшткі
савецкай і польскай бюракратыі для акцыі супроць Беларусаў. Гэтыя, насланыя ў
Беларусь перад вайною чужацкія кар’ерыстыя, цяпер пачалі памагаць нямецкай
уладзе - як урадаўцы, перакладнікі, паліцыя. Хочучы замацаваць сваё новае
становішча й адначасна прычыніцца да аслабленьня беларускага руху, яны перадалі
ў нямецкія рукі сотні беларускіх патрыётаў, як "прыхільнікаў
камунізму".
Акупаваная Беларусь
сталася прадметам гандлю ў руках новага акупанта - Віленшчына была аддадзена
Летуве, Белосточчына далучаная да Нямеччыны, Заходняе Палесьсе
й Гомельшчына
да Ўкраіны.
У такіх абставінах
галоўным заданьнем беларускіх патрыётаў было старацца захаваць народ ад
фізычнага зьнішчэньня ды адначасна весьці працу ў галіне культуры й
школьніцтва, дзеля ўзгадаваньня новых нацыянальных кадраў. Неўзабаве таксама
пачалося падпольнае змаганьне супроць Немцаў; пачалі выходзіць нелегальныя
газэты й лістоўкі, якія заклікалі Беларусаў да абароны сваіх правоў. Адным з
кіраўнікоў гэтага падпольля быў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, якога Немцы
ў 1942 г. арыштавалі й закатавалі на сьмерць.
Між молатам і
кавадлам
Пасьля адступленьня
савецкае арміі зь Беларусі ў 1941 г., частка савецкіх урадаўцаў і вайскоўцаў -
пераважна расейскай нацыянальнасьці - пахавалася ў беларускіх лясох і чакала
лепшага часу для аднаўленьня свае дзейнасьці.
У некаторых
мясцовасьцях, як прыкладам у Лепельшчыне, дзе партызанам удалося захапіць
уладу, усе мясцовыя Беларусы былі змушаныя далучыцца да партызанаў.
Заміж каб змагацца
супроць партызанаў, нямецкія (і дапаможныя чужацкія) аддзелы "каралі"
Беларусаў. Даведаўшыся, што ў дадзеным сяле партызаны атрымалі дапамогу ад
сялян (часта вымушаную тэрорам), Немцы палілі гэтае сяло ўлучна із жыхарствам.
Аднаго злоснага даносу было даволі, каб зьнішчыць цэлае сяло. Прыкрываючыся
"змаганьнем" супроць партызанаў, Немцы вынішчалі беларускі народ, каб
магчы пазьней лягчэй калянізаваць Беларусь. Апрача таго, сяляне, што здолелі
выратавацца ад нямецкае "кары", а таксама запалоханыя жыхары суседніх
вёсак уцякалі ў лес і хоцькі-няхоцькі далучаліся да партызанаў.[9]
Нямецкія ўступкі
Толькі ў канцы 1943
году - калі ўжо было за позна - Немцы зьмянілі да некаторай меры сваю палітыку.
Яны заклікалі беларускіх сялян змагацца супроць партызанаў і дазволілі
тварэньне аддзелаў Беларускае Самааховы для абароны вёсак.
3 пагоршаньнем
сытуацыі на ўсходнім фронце, Немцы былі змушаныя пайсьці на далейшыя ўступкі -
прызнаньне беларускай мовы ўрадовай, беларускую адміністрацыю ў некаторых
акругах, беларускія суды й арганізацыі моладзі. Нагляд над гэтымі грамадзкімі
ўстановамі быў давераны Белоруской Цэнтральнай Радзе пад кіраўніцтвам Радаслава Астроўскага.
У сакавіку 1944 году,
калі нямецкі ўсходні фронт быў на парозе поўнага заламаньня, Немцы дазволілі
Беларусам тварыць большыя вайсковыя сілы. Была абвешчаная мабілізацыя колькі
гадавікоў моладзі з мэтай барацьбы супроць партызанаў. На працягу некалькіх
тыдняў Беларусы ўтварылі 55 батальёнаў "Беларускае Краёвое Абароны" (БКА).
Немцы не спадзяваліся
такое ўдачы мабілізацыйнае акцыі; яны баяліся, што выказаная гэтта беларуская
салідарнасьць можа быць у будучыні скіраваная й супроць іх. Дзелятаго, паміма
ранейшых абяцаньняў, нямецкае камандаваньне не сьпяшалася з узбраеньнем
батальёнаў БКА. Толькі пад пагрозаю разьвязаньня сфармаваных адзінак, Немцы
даставілі некаторую колькасьць зброі, пераважна застарэлай, якой самі хацелі
пазбыцца.
Другі
Ўсебеларускі Кангрэс
Улетку 1944 году быў
скліканы ў Менску Другі Ўсебеларускі Кангрэс. 1023 дэлегаты
рэпрэзэнтавалі ўсю Беларусь - як пад нямецкай, так і пад савецкай акупацыяй.
Паміма пагрозаў і перасьцярогаў з боку Немцаў, Кангрэс пацьвердзіў жаданьне
беларускага народу здабыць поўную незалежнасьць, жаданьне, выказанае ўжо Першым
Усебеларускім Кангрэсам у 1917 годзе.
Дэлегаты аднагалосна
заявілі, што беларускі народ ня прызнае накіненае яму БССР. Апрача таго,
зварачаючыся да народаў сьвету, Кангрэс заявіў, што Савецкі Саюз ня мае права
вырашаць будучыню Беларусі, ды што ўсе ўмовы, заключаныя Савецкім Саюзам у
дачыненьні да Беларусі, ня маюць праўнае важнасьці.
Батальёны БКА ня былі
ў стане весьці абароннае змаганьне супроць дзесяткаў наступаючых савецкіх
дывізіяў.
Частка беларускіх адзінак
адступіла на захад разам зь Немцамі, а бальшыня засталася ў Беларусі. Увясну
1945 году, калі амэрыканская Трэйцяя Армія пранікала глыбака ў
Баварыю,беларуская дывізія, зігнараваўшы загады нямецкага камандаваньня,
перайшла на бок Амэрыканцаў.
Хаця мір 1945 году ня
прынёс свабоды беларускаму народу, беларускі нацыянальны рух выйшаў з ваеннае
завірухі яшчэ мацнейшы. Навет абмежаная магчымасьць працы ў часе ваеннага хаосу
ўзгадавала новыя рады патрыётаў, якія цяпер прадаўжаюць вызвольнае змаганьне.
Вайна ды аднаўленьне
савецкае акупацыі Беларусі пасьля вайны прымусілі шмат нашых суродзічаў
пакінуць бацькаўшчыну ды асяліцца ў дэмакратычных гаспадарствах Захаду.
Беларусы, што апынуліся на выгнаньні, павінны прыкладаць усе стараньні, каб як
найлепш інфармаваць жыхароў Вольнага Сьвету пра долю нашага народу на
Бацькаўшчыне, і пра беларускае вызвольнае змаганьне.
[1] ВАРАГІ - гэтак раней звалі ўсіх Скандынаваў: Швэдаў, Данцаў і Нарвэгаў.
[2] КРЫВІЧЫ - гэта значыць "сваякі па крыві".
[3] Найслаўнейшая ўсходня-эўрапэйская паэма таго часу, напісаная пераважна ў беларускай Севершчыне, а часткава ў Кіеўшчыне. Ігар быў князем северскім.
[4] - значыць сыноў кіеўскае Русі. Русь - гэта быў назоў украінскага княства із сталіцаю ў Кіеве.
[5] Полаўцы - гэта было турка-татарскае племя, што вандравала ў сьцяпох на ўсход ад Кіева.
[6] У 15-тым стагодзьдзі ў шмат якіх гаспадарствах Эўропы гэтыя рэчы пісаліся не народнай мовай, а па лаціне.
[7] Адначасна Масква пачала сьведама тарнаваць назоў "Літва" толькі да балцкае Жмудзі.
У выніку гэтай акцыі з часам назоў Літва {ШЬиапіа) замацаваўся за гістарычнай Жмудзяй ( а назоў Беларусь за нашай Бацькаўшчынай).
Беларусы ня маюць патрэбы выракацца свайго слаўнага гістарычнага назову - Літва, і перадаваць яго Жмудзі, якая, будучы часткаю Вялікага Княства Літоўскага, Літвою ніколі ня звалася.
Дзелятаго, калі ідзе гутарка пра Жмудзь, сучасныя беларускія выданьні называюць яе: Жмудзь або Летува (жмудзкая вэрсія назову Літва.
[8] Угодкі Акту 25-га сакавіка 1918 сталіся беларускім нацыянальным сьвятам, якое цяпер урачыста сьвяткуецца ўсім беларускім грамадзтвам у Вольным Сьвеце. У Беларусі, пад расейскай камуністычнай акупацыяй, гэтае беларускае нацыянальнае сьвята забаронена.
[9] Гэтыя падзеі добра апісаныя ў кніжцы К. Акулы - "Tommorow is Yesterday"